Беларусь папрасіла грашовага падтрымання ў Расеі


Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у тэлефоннай размове са сваім расейскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым закрануў пытанне фінансавага падтрымання Беларусі з боку Расеі. Таксама кіраўнікі ўрадаў абмеркавалі сумесныя праекты.

Прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі «дамовіліся аб прыняцце ўзгодненых сістэмных мер па функцыянаванню нацыянальных эканомік з улікам неспрыяльных вонкавых умоў», дакладвае дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».

Пераадоленню цяжкасцяў павінен спрыяць Еўразійскі эканамічны саюз, адзначылі кіраўнікі абодвух урадаў. Дамова пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюзу, куды ўвайшлі Беларусь, Расея, Казахстан, Арменія і Кыргызстан, пачне дзеяць з 1 студзеня 2015 года.

Адна з галоўных мэтаў новага ўтварэння, паводле кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна. – гэта «мадэль магутнага наднацыянальнага аб’яднання, здольнага стаць адным з полюсаў сучаснага свету і пры гэтым граць ролю эфектыўнай «звязкі» паміж Еўропай і дынамічным Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёнам».

Амерыканскі палітолаг і сацыёлаг Збігнеў Бжэзінскі назваў Еўразійскі эканамічны саюз «новай імперыяй» Расеі.

МЯ, belsat.eu, паводле telegraf.by

Стужка навінаў