«Аўтамабіль у сям’і патрэбны». Лукашэнка хоча, каб беларусы куплялі айчынныя машыны


На першым этапе на заводзе плануецца выпускаць 60 тысячаў аўтаў

Лукашэнка кажа, што важна не толькі зрабіць, але прадаць, абслужыць і адрамантаваць аўта – і прапануе зрабіць гарантыю на легкавік у пяць гадоў.

У пятніцу ў Жодзіне ўрачыста адкрылі аўтамабільны завод «БелДжы», на якім будзе адбывацца цыкл поўнай зборкі аўтаў.

На адкрыцці прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што дапамагчы адкрыць завод ён прасіў асабіста ў старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Піна: «Зусім хутка мне прадставіцца такая магчымасць і я асабіста змагу падзякаваць яму, што ён дапамог нам стварыць гэтую вытворчасць».

«Мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль ажыццявілася», – заявіў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, «вырабіць – не праблема, галоўнае – прадаць».

«Канкурэнцыя вельмі моцная. Ураду даручана распрацаваць меры, якія дазволяць прадаваць хоць бы 60 тыс. аўтамабіляў на ўнутраным і вонкавых рынках», – заявіў Лукашэнка.

У перспектыве на прадпрыемстве спадзяюцца павялічыць магутнасці да 120 тысячаў асобнікаў. Цяпер у Беларусі распрацоўваецца праект указу, накіраваны на стымуляцыю куплі беларусамі жодзінскіх легкавікоў.

«Мы думаем, якія ёсць магчымасці, каб дапамагчы купіць гэтае аўта. Аўтамабіль ў сям’і патрэбны. Таму трэба прыдумаць, як вас падтрымаць. Думаю, мы знойдзем добрыя варыянты. У бліжэйшы час дакумент выйдзе», – цытуе Лукашэнку прэзідэнцкая прэс-служба.

Лукашэнка дадаў, што дзяржава зацікаўленая, каб як мага больш беларусаў куплялі айчынныя аўтамабілі. Паводле ягоных словаў, рапрацоўваюцца розныя варыянты, у тым ліку продаж у крэдыт з адтэрміноўкай плацяжу ды лізінг

Гарантыя «БелДжы» на аўты – чатыры гады або 100 000 км прабегу. Лукашэнка заяўляе пра неабходнасць павялічыць гэты тэрмін да пяці гадоў

«Трэба пайсці на гэта, – сказаў Лукашэнка. – Кожнаму рабочаму павінна легчы ў галаву, што трэба вырабіць аўта якаснае, каб ён мог пяць гадоў эксплуатавацца без усялякіх праблемаў».

Таксама Лукашэнка даручыў ураду развіваць сетку сэрвісных станцыяў: «У кожным цэнтры будзе асобна колькі трэба месца для абслугоўвання беларускіх аўтамабіляў, каб чалавек мог свабодна прайсці тэхнічнае абслугоўванне і, калі трэба, рамонт».

Паводле Лукашэнкі, неабходна стварыць уласнае канструктарскае бюро.

«Нам дапамаглі спецыялісты, прыехаўшы з Швецыі, з іншых краінаў. Але трэба мець сваіх людзей. На першым этапе трэба 10–13 чалавек мець, якія звяжуцца з нашымі канструктарамі з МАЗу, БелАЗу і будуць паціху назапашваць вопыт, каб мы маглі самі з нуля распрацоўваць дызайн і ствараць аўтамабілі», – сказаў Лукашэнка.

Вядома, што 90 % аўтаў з беларускага заводу будзе адпраўляцца ў Расею.

ДД

Глядзі таксама
Каментары