Артылерыя зноў пануе на полі бою


На французскіх гарматах часоў Людовіка XIV быў размешчаны надпіс «Апошні аргумент каралёў» (Ultima Ratio Regum). Вайна на Данбасе даказала, што гэтая максіма дасюль не страціла сваёй актуальнасці.

Няма вайны без вялікіх гарматаў

У масавай свядомасці ваенныя дзеянні дагэтуль у асноўным асацыююцца з вобразамі салдата з штурмавой вінтоўкай, шматтоннага танка ці найноўшага самалёта, які скідвае бомбы і выпускае высокадакладныя ракеты. У ваенных мастацкіх і дакументальных фільмах самым жахлівым праціўнікам выглядае кулямётчык, які пасылае сотні куль у ворагаў за некалькі імгненняў. Менавіта такія прыгожыя кадры найбольш прывабліваюць супрацоўнікаў СМІ, і іхная дынаміка несумненна адлюстроўвае пэўную частку праўды пра сучасную вайну.

Аднак апошнім часам беларускі назіральнік можа заўважыць навіны, якія скіроўваюць увагу да іншага тыпу ўзбраенняў – на сотні год старэйшага за аўтаматычную зброю, танкі і авіяцыю.

Звернем увагу толькі на некаторыя падзеі ў нашым рэгіёне: Беларусь прадэманстравала ў траўні свой першы ракетна-артылерыйскі комплекс «Паланэз», Літва набывае найноўшыя нямецкія самаходныя гарматы PzH 2000, Расея хваліцца на Краснай плошчы сваймі САУ «Кааліцыя», Польшча купляе 120 паўднёвакарэйскіх самаходак.

Чаму столькі сродкаў ды высілкаў інжынераў і вучоных скіроўваецца на абнаўленне і пашырэнне артылерыйскага складніка ўзброеных сіл? Здавалася б, сучасная авіяцыя здольная знішчыць любога праціўніка на куды большых адлегласцях, а танкі абароненыя цяжкай бранёй і весці вельмі трапны агонь простай наводкай?

Змаганне мяча і брані

Справа ў тым, што падчас барацьбы любых больш-менш тэхналагічна развітых арміяў ужываюцца адпаведныя сродкі супрацьдзеяння і варожай авіяцыі, і танкавым сілам. Згадаем вопыт змагання з агрэсіяй Расеі на Данбасе з гэтага пункту гледжання.

Першапачаткова супраць украінскіх войск і добраахвотнікаў дзейнічалі групы баевікоў, узброеныя амаль толькі лёгкай стралковай зброяй і гранатамётамі. У канцы вясны ўкраінская армія, выкарыстоўваючы сваю перавагу ў бранятэхніцы, авіяцыі і агнявой моцы спыніла распаўсюджванне «гібрыднай вайны» на тэрыторыях Луганскай і Данецкай вобласцяў і перайшла контрнаступленне.

Бачачы гэта, баевікоў сталі ўзбройваць пераноснымі супрацьтанкавымі ракетнымі комплексамі, у тым ліку іхнымі новымі расейскімі мадыфікацыямі, з Расеі ім таксама сталі накіроўваць танкі. Што да авіяцыі, то адпраўка антыўкраінскім фармаванням расейскіх пераносных зенітныя комплексаў, а потым і самаходных ЗРК «Бук» і «Панцыр» з экіпажамі, фактычна спыніла баявое выкарыстанне ўкраінскіх самалётаў і верталётаў – занадта высокай стала рызыка з’яўлення над полем бою.

У выніку склалася сітуацыя блізкая да сітуацыі Першай сусветнай вайны – галоўным сродкам нанясення стратаў праціўніку стала ствольная і ракетная артылерыя, якая страляе з зачыненых пазіцый даволі глыбока ў тыле сваіх войскаў па запыту пяхоты.

Пра гэта сведчаць паведамленні з абодвух бакоў вайны, але мы спашлемся на словы беларускага добраахвотніка і былога палітвязня Васіля Парфянкова, які змагаецца ў украінскім батальёне «АУН»: «Страляе артылерыя, »Грады«. Непасрэднага візуальнага кантакту з праціўнікам няма. Яны працуюць здалёк артылерыяй».
«Увесь час ваюе толькі артылерыя. Вельмі рэдка бываюць аўтаматныя ці танкавыя баі», – кажа Ян, іншы беларускі добраахвотнік, з «Правага сектару».

Станчым ворагу «Паланэз»?

Менавіта артылерыя і правільнае кіраванне яе агнём змусілі атрады расейскіх баевікоў пакінуць Славянск, гралі галоўную ролю ў баях на ўкраінска-расейскай мяжы, пад Саўр-Магілай, пры абароне Данецкага аэрапарту і Марыупаля.

Пад «парасонам» свайго артылерыйскага агню пяхота ў большасці выпадкаў трымае абарону ключавых пазіцыяў, праводзіць тактычную выведку, знішчае варожыя групы выведкі, у наступе дабівае праціўніка ў тых кропках, якія не заўважыла і не «апрацавала» належным чынам артылерыя. У выніку гарматы ня толькі знішчаюць ворага, але і захоўваюць жыцці сваіх жаўнераў.

Несумненна, такое развіццё падзеяў падчас магчымага канфлікту ў нашым рэгіёне, даволі моцна насычаным сродкамі супрацьпаветранай абароны (СПА), прагназавалі і раней за 2014 год многія ваенныя аналітыкі. У гэтым кантэксце можна парадавацца за беларускіх ваенных спецыялістаў і інжынераў, якія сканцэнтравалі сваю ўвагу на стварэнні першай нацыянальнай ракетнай сістэмы залпавага агню «Паланэз».

У іх атрымалася магутная машына чатырохвосным шасі высокай праходнасці, якая здольная весці масіраваны агонь і звычайнымі ракетамі на некалькі дзясяткам км, і аператыўна-тактычнымі ракетамі на адлегласць больш за 200 км.

Можна лічыць гарантаваным, што пры любым канфлікце вакол Беларусі і наша авіяцыя, і авіяцыя любога нашых суседзяў сутыкнецца з актыўнейшым супрацівам з боку наземных зенітных комплексаў. Знайсці і знішчыць іх з паветра будзе даволі цяжкай і вельмі небяспечнай задачай, што паставіць пад пытанне гатовасць камандзіраў рызыкаваць крылатымі машынамі коштам у дзясяткі мільёнаў еўра і іхнымі ня менш каштоўнымі экіпажамі.

Пакуль падобны канфлікт застанецца адносна лакальным, у еўрапейскім небе не з’явяцца сапраўды вялікія масы авіяцыі, здольныя знішчыць варожую СПА. Таму менавіта трапны, магутны і хуткі агонь артылерыі як ствольнай, гэтак і рэактыўнай, будзе вырашаць, за кім будзе перамога на зямлі.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары