Апошняя вайна Савецкага Саюзу


Журналіст belsat.eu з’ездзіў у зону АТА разам з дастаўнікамі гуманітарнай дапамогі.

Да Дэбальцава я дабраўся разам з валанцёрамі, якія збіраюць і развозяць гуманітарку для ўкраінскага войска. Украіна была б не ўстане весці гэтую вайну, калі б не штодзённы высілак тысячаў людзей, якія даслоўна кормяць, апранаюць і ўзбройваюць удзельнікаў баявых дзеянняў.

Калі далучыцца да перавознікаў гуманітарнай дапамогі для войска, можна трапіць нават на найбольш высунутыя пазіцыі. Валанцёры атрымліваюць паролі, дзякуючы якім без кантролю і чакання могуць перасякаць густа панастаўляныя блокпасты. Першы сур’ёзны прапускны пункт з’яўляецца на нашым шляху адразу пасля выезду з Харкава. Аказваецца, жаўнеры МУС, якія на ім дзяжураць, самі купілі сабе ўвесь рыштунак, уключна з бронекамізэлькамі, а ад дзяржавы атрымалі толькі старыя аўтаматы. «Забярыце мяне ў аэрапорт, – просіць адзін з іх. – Адрэналіну бракуе». Вядзецца пра аэрапорт у Данецку, які ўжо шмат месяцаў адрэзаны ад украінскіх сілаў і дзе бароняцца славутыя «кібаргі». Служба на пасту – страшэнна нудны занятак.

Жыццё ў эпіцэнтры

Дэбальцава і ваколіцы – гэта лапік зямлі, які языком уразаецца прыкладна на 30 км унутр тэрыторыі, якую кантралююць сепаратысты. Ён рассякае напалам землі занятыя прыхільнікамі Расеі і ёсць добрым зыходным пунктам для магчымага прарыву. Праблема ў тым, што яго лёгка адрэзаць і ад галоўных украінскіх сілаў. Адзіная дарога жыцця, якая вядзе ў Славянск, густа пакрытая блокпастамі ўкраінскай арміі. Як шалёныя, лётаюць па ёй украінскія вайсковыя аўтамабілі, упрыгожаныя блакітна-жоўтымі сцягамі. Кіроўцы ведаюць, што калі скінуць хуткасць ніжэй за 60 км/г, станеш лёгкаю здабычай для снайпера. Аўтамабілі, асабліва, пазадарожнікі, – гэта асобная гісторыя. Шмат з іх – гэта прыстасаваныя цывільныя: на іх замацавалі элементы броні і падстаўкі для кулямётаў ды па-хуткаму перафарбавалі ў колеры маскіроўкі – нібы прывезеныя са здымкаў фільма «Шалёны Макс» («Mad Max»). Цывільныя аўты тэарэтычна могуць пакінуць дэбальцаўскі кацёл і, праехаўшы праз блокпасты сепаратыстаў, трапіць на тэрыторыю «Луганскай Народнай Рэспублікі». Жаўнеры, даведаўшыся, што мы вязем дапамогу для арміі, выпытваюць пра абутак і цёплую вопратку. Кіроўца, а заадно і галоўны ў гэтай вандроўцы, Саша далікатна адмаўляе, спасылаючыся на недахоп часу і важнасць місіі. Рэчы патрэбныя перадусім тым, хто на фронце.

«Нашыя абаронцы»

У Дэбальцаве, які знаходзіцца ў цэнтры катла, вайна не адчуваецца. Працуюць крамы, па вуліцах шпацыруюць дарослыя і дзеці. У былым будынку інтэрната раскватараваныя жаўнеры батальёну нацыянальнай гвардыі імя Кульчыцкага – аднаго з першых падраздзяленняў, створаных з удзельнікаў Майдану. Жыхары гораду да вызваліцеляў ставяцца без асаблівай сімпатыі. Жанчыны, якія прыбіраюць тэрыторыю вакол будынку, увесь час кідаюць іранічныя заўвагі на адрас «нашых абаронцаў». «Яны дагэтуль называюць нас фашыстамі, – гаворыць жаўнер з баявым псеўданімам Фанат, а я ім на гэта… (тут праз вакно на поўны гук раздаецца нямецкая вайсковая песня). «Хаілі-хаіло-хаіла» – гэта такая наша правакацыя»: – смяецца ён. Ягоны калега Змей просіць мяне абавязкова напісаць, што тут няма ніякіх фашыстаў. Хлопец – адзін з самых маладых гвардзейцаў і вядомы тым, што на разведвальныя акцыі бярэ з сабою калашнікаў, снайперскую вінтоўку, гранатамёт «Муха» ды яшчэ два нажы. Фанат распавядае, што ў Дэбальцаве – поўна «сепараў» – баевікоў сепаратыстаў, якія прыязджаюць сюды на адпачынак. Аднойчы яны нават пракраліся ў гарадскі парк і далі некалькі залпаў з мінамётаў.

На дарожным скрыжаванні адразу за Дэбальцава месціцца аператыўны цэнтр украінскай арміі з пунктам перавязкі і магчымасцю памыцца ў душы. Валанцёрка Лена, якая робіць перавязкі, – адна з нямногіх жанчын, якія працуюць у катле. Да яе выстройваюцца чэргі кавалераў, якія паспелі ўжо забыць, як выглядае жанчына. У былой кавярні арганізавалі начлег для жаўнераў. Ёсць некалькі танкаў і БТР-аў, што хвіліну чуваць скрыгатанне гусеніц.

Са скрыжавання едуць на лінію фронту. Ужо праз некалькі кіламетраў пачынаюцца першыя пазіцыі «сепараў». Наш канвой наведвае хлопцаў з батарэі гаўбіц у вёсцы В (назва не падаецца з меркаванняў бяспекі). Да яе нельга было даехаць па галоўнай дарозе, паколькі апошняя пралягала ў небяспечнай блізасці да пазіцыяў ворага. Таму давялося завярнуць на палявую, дзе мы патанаем у брудзе. Загразлі так, што нават прыязны нам гусенічны транспарцёр ледзьве выцягнуў. Урэшце, аднак, трапляем у зацемненую вёску, дзе апрача жаўнераў засталося некалькі мясцовых жыхароў. Вайскоўцы тым часам пазаймалі кінутыя хаты, выкапаўшы ў кожнай падземнае сховішча на выпадак абстрэлу.

Апошняя вайна СССР

Вайну на Данбасе называюць вайною новага тыпу – гібрыднаю. Але калі зірнуць на тэхніку, якую выкарыстоўваюць украінская армія і сепаратысты, можна сказаць, што гэта – апошняя вайна Савецкага Саюзу. Зброя, амуніцыя, транспарт – усё яшчэ памятае былы рэжым. Адно што жаўнеры не носяць ужо савецкай формы. Падчас побыту ў зоне АТА я не спаткаў двух аднолькава апранутых вайскоўцаў. Разнастайнасць гардэробаў ашаламляльная! Тут польскія, нямецкія ды канадскія вайсковыя курткі, ватнікі, суітшоты сноўбардзістаў і элегантная зімовая вопратка вядомых брэндаў. На нагах – валёнкі, гумовыя боты, спартовы абутак для лыжнікаў і чаравікі ўсіх арміяў свету. Ва ўкраінскім вайсковым абутку ўжо пры мінус 1 можна адмарозіць пальцы. А сёлета тэмпература апусцілася да мінус 20. Гэтак жа справа выглядае і з шапкамі, пальчаткамі ды іншымі прадметамі тактычнага гардэробу. Каб адрознівацца, жаўнеры завязваюць на рукавы і зброю каляровыя стужкі. Калісьці былі жоўтыя, цяпер замянілі на чырвоныя. Праўда, частка жаўнераў не мае распазнавальных знакаў. Яны выглядаюць дакладна гэтак жа, як іхныя ворагі. Калі разам з групаю артылерыстаў мы з’явіліся ў ваколіцы, «мянты» адрэагавалі нервова: узялі нас на «мушку», пакуль не высветлілі, што гэта свае.

З візітам у «зоне»

Вайна на Данбасе нагадвае камп’ютарную «стралялку» «Сталкер», дзеянні ў якой адбываюцца на небяспечнай тэрыторыі вакол Чарнобыля. Дэпрэсіўны пейзаж, «аздоблены» тэрыконамі (адвалы з прамысловых адкідаў), вежамі шахтаў і вузкакалейкамі. Паўсюдна тоны металалому, бетонныя агароджы ды зруйнаваныя будынкі. Куды ні глянь – пасты, на якіх грэюцца ля вогнішчаў жаўнеры самых розных адзінак. Жаўнеры, відаць, маюць падобныя асацыяцыі: на адной з гаўбіц заўважаю надпіс «Сталкер». «Ёсць такая кніга, фільм і гульня. Гэта маёр прыдумаў і сказаў так назваць», – тлумачыць артылерыст.

Багіні вайны

Узвод з В. складаўся з чатырох гаўбіц 2С1 «Гваздзік». Машынам было мінімум 20 гадоў. Адну з іх – «Ластаўку» – знялі з пастаменты помніка, прысвечанага воінам-інтэрнацыяналістам, якія змагаліся ў Афганістане. Адрамантавалі і адправілі на фронт.

Бітвы на ўсходзе Украіны, асабліва ў фазе пазіцыйнай вайны, – гэта перадусім паядынкі артылерыі – багіні вайны, як называюць яе жаўнеры з В. Падчас пазіцыйнай вайны задача пяхоты – абараняць артылерыйскія батарэі ад неспадзяванай атакі, бо гэта каштоўная цэль для гранатаў і чэргаў праціўніка.

Пазіцыя батарэі – гэта велізарнае поле, усеянае варонкамі ад выбухаў, рэшткамі ракетаў тыпу «Град», адломкамі ды, само сабой, гільзамі ад гранатаў. Машыны пасля серыі чэргаў тут жа змяняюць пазіцыю, каб пазбегчы зваротнага бамбавання. Служба ў артылерыі – гэта не толькі стрэлы ў бок аддаленага на 5-15 кіламетраў праціўніка. У кожным падраздзяленні ёсць той, хто кіруе агнём. Ягоная праца – самая небяспечная, бо ён з біноклем мусіць падпаўзаць нават за 300 метраў да пазіцыі ворага, каб карыгаваць кірунак агню, які вядуць паплечнікі. У вёсцы В. гэтым займаліся 26-гадовы Малыш – дзіцячы псіхолаг з Кіева – ды 50-гадовы Баця, ахоўнік з ваколіцаў Херсона. На Данбасе змагаецца велізарная колькасць дабравольцаў вельмі сталага ўзросту, якія «сваё ўжо аджылі».

Цыгарэты, гарэлка і праклёны

Вайна – гэта брудныя стомленыя мужчыны, цыгарэты, гарэлка, трохпавярховы мат і шмат абсурднага гумару. У кожным падраздзяленні служаць людзі з усёй Украіны, змешваюцца мовы – адны размаўляюць па-расейску, другія – па-ўкраінску, трэція – на трасянцы. Самае папулярнае слова – «бл*дзь», хоць некаторыя таксама гавораць «к*рва» – кажуць, такі звычай прыйшоў з Польшчы.

Многія з сённяшніх жаўнераў учора працавалі ў Польшчы на будоўлях. Служыць тут і экзатычны горац з Карпатаў, які спусціўся з гор па хлеб і трапіў пад мабілізацыю ва ўкраінскую армію. «З ім немагчыма паразумецца – ён гаворыць на нейкім румына-украіна-польскім дыялекце», – скардзяцца паплечнікі.

«Вяртайцеся жывымі»

Жаўнеры любяць дарыць сувеніры, нібы баючыся, што заўтра толькі гэта ад іх і застанецца: маленькі трызубец, лялька, якую прыслалі дзеці, адкрывачка для бутэлек, зробленая з набою, кавалак ракеты «Град». Яны пачуваюцца забытымі і недаацэненымі. Калі з нагоды Дня Узброеных Сілаў іх наведаў генерал, ён нават нікому не паціснуў руку, на лінію фронту не прыязджаюць святары. Толькі і цешыць прыезд валанцёраў, лісты ад родных ды малюнкі, што дасылаюць школьнікі ды выхаванцы дзіцячых садочкаў. Прыходзяць таксама лісты ад украінскай дыяспары з усяго свету. Украінка з Лос-Анджэлес піша: «Дарагія абаронцы! Вяртайцеся жывымі, здаровымі ды будуйце моцную Украіну!»

Якуб Бернат / АК, belsat.eu

Фота: fond mir i co

Глядзі таксама
Каментары