Андрэй Паротнікаў: «Лепшая частка «рускага міру» пакаштавала беларускай гарэлкі з тушанінаю»


Беларусь і Расея – султанаты, мяркуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog», з якім паразмаўляў Зміцер Міцкевіч пра тое, чаму міністр абароны Расеі абразіў Лукашэнку ды чаму скарачэнне расейскага ваеннага бюджэту не абавязкова азначае яго скарачэнне, а таксама, што робяць палякі адразу пасля «Захаду»?

Зміцер Міцкевіч: У Польшчы пачаліся найбуйнейшыя ў гэтым годзе вучэнні «Dragon 2017». Нашыя вучэнні скончыліся, польскія – пачаліся. Яны маюць вельмі цікавы сцэнар. Нейкая суседняя дзяржава хоча атрымаць доступ да польскіх рэсурсаў і збіраецца дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. Як можна гэта пракаментаваць? Што гэты сцэнар нагадвае, і ці не з’яўляецца гэта нейкім выпадам у бок АДКБ?

Андрэй Паротнікаў: Я бы не сказаў, што гэта нейкі выпад, бо сцэнар даволі тыпавы для ўсіх вучэнняў, што праходзяць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе цягам апошніх трох год. Самае цікавае ў гэтым сцэнары – спроба захапіць важныя крыніцы мінеральных выкапняў. Калі гаворка ідзе пра Польшчу, то там ёсць толькі два віды мінеральных выкапняў – сера і медзь, але пытанне, наколькі яны стратэгічныя, якія іхныя памеры. Я бы сказаў, што гэта даволі тыпавы сцэнар, і шукаць тут падаплёкаў не выпадае.

Працягваючы гаворку пра Польшчу, у сераду прагучала заява міністра абароны Польшчы, Антонія Мацярэвіча, што беларуска-расейскія вучэнні 20 верасня не скончацца, а працягнуцца, з магчымым выкарыстаннем ядравай зброі. Што гэта значыць?

Хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе, што будзе адпрацоўвацца выкарыстанне ядравай зброі, а не тое, што яе выкарыстаюць. Мацярэвіч меў на ўвазе тое, што на Захадзе цяпер атрымлівае назву «Захад плюс», то бок вучэнні расейскага войска, якія працягваюць ці папярэднічаюць «Захаду 2017». Ад пачатку было вядома, што беларуска-расейскаму «Захаду» будзе акампанаваць цэлы шэраг мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі расейскіх войскаў на тэрыторыі расейскай федэрацыі Заходняй і Паўднёвай ваеннай акругі, якія будуць буйнейшыя ды больш агрэсіўныя за «Захад». Мацярэвіч акурат пра гэта і кажа: гэта ўжо не беларуска-расейскія вучэнні, гэта выключна расейскія вучэнні.

Калі мы вернемся да пытання самога «Захаду 2017», быў рэпартаж «Белсату» пра сітуацыю ў Барысаве, у якім прагучала, што расейскія вайскоўцы «гарэлку і піва размятаюць са свістам». Ці заўсёды была такая дысцыпліна ў расейскім войску? Гэтая сітуацыя адзінкавая, ці гэта тэндэнцыя?

Думаю, гэта хутчэй традыцыя. Месяц таму я быў у Асіповічах, і там таксама расейскія вайскоўцы ў форме адкрыта п’янствавалі на вуліцах гораду. Яны не напіваліся брутальна, але гэта ўзровень культуры і старая традыцыя. Я хачу нагадаць, што п’янства было прафесійным захворваннем усіх савецкіх вайскоўцаў. Гэта працяг таго, што адбывалася дзесяцігоддзямі.

Але ці гэта паўплывае нейкім чынам на баяздольнасць падчас рэальнага сутыкнення з праціўнікам?

Пʼяныя ж яны ў бой не ідуць. Хутчэй гэта разуменне спадароў афіцэраў і кантрактнікаў, як трэба бавіць свой вольны час. Я хачу звярнуць увагу, што тут няма нейкай спробы пакрыўдзіць беларусаў, неяк іх прынізіць. Гэта нармальныя для іх паводзіны. Гэта твар «рускага міру», яшчэ не самай горшай ягонай часткі, бо ў Расеі вайсковая служба прэстыжная, а заробкі высокія. Гэта лепшая частка «рускага міру» пакаштавала беларускай гарэлкі з тушанінаю.

Падчас гэтых вучэнняў адбыліся два інцыдэнты з самалётамі на тэрыторыі РФ. Да таго інцыдэнт з верталётам, з выпадковым стрэлам па гледачах. Пра што гэта гаворыць? Як гэта характарызуе расейскае войска? Яны сталі больш лятаць ці ў іх так нізка ўсё пастаўлена на тэхнічным узроўні?

Насамрэч, каб даваць такія характарыстыкі, трэба ведаць заключэнні экспертнай камісіі, якая разбіраецца ў гэтых выпадках. Але нагадаю некалькі рэчаў. Зброя – гэта крыніца падвышанай небяспекі, час ад часу яна выбухае, ламаецца, падае. Замежныя даследаванні сведчаць, што норма страты баявой авіяцыі – 0,7 % у год. Калі сыходзіць з таго, што ў Расеі больш за тысячу баявых самалётаў, гэта значыць, што 7 самалётаў штогод – норма страты. Калі падае менш за 7, гэта значыць, што ў іх усё добра з бяспекаю палётаў. Адзін з самалётаў, які быў пашкоджаны – ТУ 22М3 – гэта самалёт яшчэ савецкай пабудовы. Там маглі быць проста ўзроставыя тэхнічныя пытанні. Што тычацца рэшты выпадкаў, трэба нагадаць, што ў Расеі якасць вайскова-прамысловага комплексу значна дэградавала цягам апошніх дваццаці гадоў, таму там маглі быць пытанні і да якасці вытворчых працаў. Трэба разбірацца. Нельга сказаць, ці гэта сведчыць пра высокую ці нізкую баяздольнасць.

Якасць расейскага ВПК дэградуе, а тут акурат навіны, што расейскі Мінфін збіраецца скараціць на 8% выдаткі на абарону. Паколькі мы ведаем, што яны ўжо былі скарочаныя ў гэтым годзе, то як гэта можа адбіцца на сітуацыі з баяздольнасцю?

Пытанне ў тым, коштам якіх выдаткаў адбудуцца гэтыя скарачэнні. Не абавязкова яны здзейсняцца коштам выдаткаў на баявую падрыхтоўку. Могуць скараціць выдаткі на заробкі або на пенсіі, якія таксама ідуць з бюджэту Міністэрства абароны. Тлумачэнне вельмі простае – фінансавы крызіс у Расеі, грошай няма, вымушаныя ашчаджаць. Але ёсць такі момант, што 25-30% расейскага бюджэту – закрыты артыкул. І, магчыма, скарачэнні па адкрытых артыкулах кампенсуюць дадатковымі выдаткамі з закрытых артыкулаў. Такая сістэма не ўнікальная, у Беларусі тая ж самая сітуацыя. Тыя бюджэтныя выдаткі, што мы бачым – толькі частка вайсковых выдаткаў. Яшчэ значная сума – ад 40-80 млрд долараў у год – прызначаюць з па-за бюджэтных фондаў на вайсковыя патрэбы.

І самае важнае палітычнае пытанне мінулага тыдня: на вучэннях не сустрэліся Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. І Шайгу не прыехаў у Беларусь, як гэта анансавалася. Што гэта было?

Гэта быў палітычны скандал, які сведчыць пра тое, што беларуска-расейскія палітычныя адносіны знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні, і яны будуць пагаршацца надалей.

Трэба разумець простую рэч: ані Беларусь, ані Расея не з’яўляюцца дзяржавамі ў сучасным еўрапейскім разуменні гэтага слова, то бок як сістэма інстытутаў, што працуюць згодна з пэўнай працэдурай. Па сутнасці ў нас султанаты. Вонкавая палітыка залежаць ад дамоваў і асабістых адносінаў паміж сабою кіраўнікоў дзяржаваў. Тое, што Пуцін не прыехаў сведчыць пра тое, што адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным вельмі пагоршыліся, і гэта дрэнны знак, бо ў іх заўсёды былі больш-менш нармалёвыя адносіны. У большасці выпадкаў Лукашэнка падчас асабістай сустрэчы ціснуў на Пуціна і атрымліваў, што хацеў.

Што тычацца непрыезду Шайгу, гэта асабістая абраза ў бок Аляксандр Лукашэнкі. Нагадаю, што апошні раз яны сустракаліся ў 2013 годзе, калі было абвешчана пра стварэнне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Гэтую абвестку публічна зрабіў Шайгу, а потым яе дэанансаваў Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы, што ён нічога не чуў ні пра якую базу. Шайгу – не апошні чалавек у маскоўскіх калідорах улады, ён можа дазволіць сабе такія паводзіны, і тое, што ён так захоўваецца ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі – сведчанне таго, што перспектыва беларуска-расейскіх адносінаў вельмі не аптымістычная.

Інтэрвʼю выйшла ў эфір у праграме «ПраСвет».

Іншыя тэмы праграмы:

  • Беларусь сама не абароніцца ад сепаратыстаў
  • Ці Украіна перажыве яшчэ адзін Майдан?
  • «Большасць каталунцаў ніколі не адчувалі сябе іспанцамі»

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў