Андрэй Курэйчык: «Чыноўнік не павінен сунуць свой нос у творчасць»


[vc_single_image image=”368516″ img_size=”large”]

У Менску абмеркавалі скандальны ўказ аб дазволе на кіно, які неўзабаве можа быць зацверджаны.

Праводзіла абмеркаванне працоўная група па распрацоўцы ўказа на чале з дырэктарам «Беларуфільму» на чале. З Міністэрства культуры на сустрэчу ніхто не прыйшоў.

Указ выпаліць прыватнікаў вакол «Беларусфільма»

Удзел у абмеркаванні ўзялі таксама прадстаўнікі прыватных кінакампаній, сябры Саюзу кінематаграфістаў, маладыя беларускія рэжысёры.

Усе хацелі задаць пытанні ініцыятару праекту ўказа – Мінкульту, але і без яго сход прайшоў даволі эмацыйна. Магчымы ўказ закрануў людзей, якія на штодзень у нашай краіне займаюцца кіно, і нарэшце яны маглі выказаць сваё меркаванне не ў інтэрнэце. Удзельнікі сустрэчы перабівалі адзін аднаго, у большасці – высмейвалі новы «закон», называючы яго правакацыяй, пыталіся, навошта гэты ўказ, якія мэты пераследуе.

Як распавёў рэжысёр Андрэй Курэйчык, што прысутнічаў на сустрэчы, у адказ на гэтыя пытанні ніхто з працоўнай групы не змог сфармуляваць нейкую пазітыўную мэту ўказа, і навошта ён цяпер спатрэбіўся дзяржаве. А

ндрэй Курэйчык лічыць, што сярод прычын могуць быць жаданне Мінкульту «выпаліць прыватнікаў вакол «Беларусфільма» і ўсталяваць татальную цэнзуру ў кіно».

Андрэй Курэйчык лічыць, што сустрэча ўсё ж мела пэўны плён. Падчас яе стала зразумела, што «беларускае кінаграмадства кансалідавана выступае супраць гэтага ўказа». Меркаванні ж адрозніваюцца толькі ў ступені ацэнкі шкоднасці ўказа. Але ніхто на абмеркаванні не сказаў, што ў прапанаваным выглядзе новы ўказ выглядае прымальна.
Каардынатар фестывалю Cinema Perpetuum Mobile Андрэй Шчэрба лічыць, што новы ўказ парушае ўсе правы як кінапрафесіяналаў, так і любога чалавека, які хоча ўзяць камеру і нешта здымаць.

«Ва ўсіх еўрапейскіх краінах кожны чалавек можа зняць фільм. А ў Беларусі ўводзяць абмежаванні. Але гэта абмежаванні не проста на тэхнічны працэс здымак, а на магчымасць чалавека свабодна выказваць ідэі. Гэта як прымусіць мастака атрымліваць дазвол напісаць карціну, а кампазітара – музыку. Гэта ўсё – свабодны творчы працэс, і рэгламентацыя тут можа быць патрэбна толькі на стадыі камерцыйнага выкарыстання», – лічыць спадар Шчэрба.

Мінкульт адмоўчваецца

Напрыканцы сустрэчы былі выбраныя тры прадстаўнікі беларускага кінаграмадства (Аляксандр Франскевіч-Лайе, Сяргей Якубоўскі, Андрэй Курэйчык), якія разам з дырэктарам «Беларусфільму» Ігарам Поршневым і працоўнай групай у бліжэйшы час абмяркуюць праект указа і выпрацуюць нейкае агульнае рашэнне. – якое потым накіруюць у Мінкульт.

Андрэй Курэйчык, аднак, зазначае, што не ведае, ці застанецца ў складзе групы.

«Без прадстаўніка Міністэрства культуры гэтая група – імітацыя дзейнасці, яна нічога не вырашае. Трэба размаўляць з тымі, хто лабіруе гэты закон – чыноўнікамі Мінкульту. Яны павінны афіцыйна прызнаць прадстаўніка кінаграмадства як паўнаважны бок перамоваў па дадзенаму законапраекту», – зазначае рэжысёр.

Калі ж спадар Курэйчык застанецца ў працоўнай групе, ён будзе настойваць, што не павінна быць ніякага дазвольнага прынцыпу на занятак мастацтвам у Беларусі. Права на творчасць павінна быць безумоўным. Гэтак жа, як і роўнымі мусяць быць правілы для ўсіх вытворцаў, незалежна ад формы ўласнасці. Прыняцце ж закона ў інтарэсах дзяржкампаній у шкоду прыватным рэжысёр лічыць недапушчальным.

«Ніякай папярэдняй цэнзуры быць не павінна, ніякіх узгадненняў творчых пытанняў: сцэнарыяў, спісаў груп і аб’ектаў. Гэта выключна прэрагатыва творцаў і чыноўнік туды не павінен сунуць свой нос, – падкрэслівае Андрэй Курэйчык. – І, вядома, сама пошліна дзяржаве проста за само права ствараць мастацтва – гэта па-за межамі цвярозага розуму і закону».

Яшчэ напярэдадні сустрэчы, беларускія кінематаграфісты накіравалі прэзідэнту ліст з просьбай адмяніць прыняцце ўказа.

У гэтую суботу і нядзелю працягнецца збор подпісаў супраць указу па рэгламентацыі кіно. Пакінуць свой подпіс можна ў кінашколе-студыі Андрэя Палупанава па адрасе: г.Мінск, пр.Незалежнасці, д.168, к.2, офіс 7. Паводле Андрэя Курэйчыка, сабралі ўжо каля ста подпісаў.

Паводле праекту скандальнага ўказу, здымаць любое кіно ў Беларусі можна будзе толькі з дазволу дзяржавы.

Стужка навінаў