Амбасадар РФ у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў у эфіры «Россия 1» заявіў, што ў яго сёння адбылася размова з міністрам унутраных справаў Беларусі Юрыем Караевым наконт затрыманых вагнэраўцаў.
Караеў паведаміў амбасадару, што доступ расейскіх дыпламатаў да затрыманых баевікоў будзе забяспечаны да канца дня.
«Грамадзянаў перавялі ў іншае месца затрымання, патлумачыўшы гэта тым, што іх умовы там будуць больш камфортныя, наколькі гэта магчыма ў пенітэнцыярнай установе. Будуць больш добрыя ўмовы ўтрымання», – заявіў Мезенцаў.
Паводле дыпламата, цяпер расейцы знаходзяцца ў пенітэнцыярнай установе «ў прыгарадзе Менску».
«Галоўная наша задача – дамагчыся хутчэйшага вызвалення расейскіх грамадзянаў, зняцця нават у грамадскай думцы несправядлівых і неабгрунтаваных прэтэнзіяў, што яны знаходзіліся тут з незаконнымі мэтамі», – заявіў ён.
Нагадаем, 29 ліпеня праваахоўнікі паведамілі аб затрыманні 33-х баевікоў расейскай ПВК Вагнэра, якія нібыта прыбылі ў краіну дзеля дэстабілізацыі абстаноўкі перад выбарамі. Іх падазраюць паводле арт. 293 КК (падрыхтоўка масавых закалотаў).
ІІ belsat.eu