Аляксандр Гелагаеў Пра што сведчыць гісторыя самазабойства маладой порна-актрысы?

гісторык, вайсковы аглядальнік

На мінулым тыдні знайшлі мёртваю 23-гадовую Аўгуст Эймс, якая здымалася ў порна. За некалькі дзён да смерці стала ахвярай масавага інтэрнэт-цкавання быццам бы па прычыне сваёй «гамафобіі». Што ж здарылася? Для belsat.eu піша Аляксандр Гелагаеў.

Асноўная версія паліцыі – самазабойства. Месца смерці не ўтрымлівае прыкметаў злачынства ці імітацыі суіцыду. Сябры Эймс кажуць, што тая стала ахвярай глыбокай дэпрэсіі, да якой дадалося жорсткае інтэрнэт-цкаванне.

Нагодай для анлайн-нападаў на жанчыну стаўся ейны пост у твітэры 3 снежня: «Для жанчыны, якая замяняе мяне заўтра [для порна-запісу]. Каб вы ведалі, вы будзеце здымацца з мужчынам, які здымаўся ў гей-порна. Усё, што я магу сказаць – гэта лайно. Няўжо агентам сапраўды пляваць на тых, інтарэсы каго яны прадстаўляюць?»

 

 

Толькі лічбы

Эймс мела на ўвазе зашкальваючы ўзровень захворвання СНІДам сярод гомасексуалаў, што ў кантэксце супольных здымкаў у порна з людзьмі, якія практыкуюць бісексуальныя кантакты, рэзка падвышае рызыку заражэння і для жанчын.

«У 2014 годзе мужчыны, якія маюць гомасексуальныя ці бісексуальныя схільнасці, складалі каля 2% насельніцтва ў ЗША, аднак менавіта сярод іх адбывалася 70% усіх новых заражэнняў вірусам імунадэфіцыту чалавека», – гаворыцца на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя ЗША.

Статыстыка робіцца яшчэ больш жахлівай, калі ўзяць лічбы сярод моладзі – 81% усіх падлеткаў, якія атрымалі страшны дыягназ у 2015 годзе, мелі гомасексуальныя ці бісексуальныя кантакты.

Такім чынам, як мы бачым, гомасексуалы нават у такой талерантнай для іх краіне, як ЗША, маюць у дзясяткі разоў большую рызыку атрымаць смяротны вірус, чым астатняе насельніцтва.

Здаецца, жанчына, якая здымаецца ў порна (як і любая іншая жанчына), мела права на тое, каго дапускаць да свайго цела?

Зграя ЛГБТаварышаў

Пра-гейская супольнасць, да якой Эймс была блізкая, вырашыла інакш – жанчыну абвесцілі гамафобкай, хоць яна проста адзначыла, што турбуецца выключна за ўласнае здароўе.

«[Я] НЕ гамафобка. Большасць дзеўчын не здымаюцца з хлопцамі, якія здымаюцца ў гей-порна з-за небяспекі. Гэтак і я. Я не рызыкую сваім целам… Нічога няма гомафобнага ў тым, каб не хацець займацца сексам з гомасексуаламі», – пісала Эймс у адказ на абразы і абвінавачанні.

Аднак напады і цкаванне не заканчваліся, што, верагодна, псіхалагічна зламала жанчыну.

«Эймс, сусвет чакае выбачэнняў ці таго, каб ты праглынула ампулу з цыянідам сама ці з нашай дапамогай», «Наступным разам не будзеш пісаць тупых твітаў», «Самая тупая жанчына», «Агідная дыскрымінатарка» – гэткія адказы жанчына чытала ў сацсетках.

«Прабачце, гэта проста маё меркаванне. Маё цела, мае правілы. Мне праўда шкада, калі я кагосьці пакрыўдзіла», – пісала Эймс, але гэта ёй не дапамагло. У адчаі яна павесілася.

Хлусня забівае

Трагічная гісторыя Аўгуст Эймс праліла святло адразу на некалькі з’яваў – яе ўласны шлях у порна пачаўся з цяжкай дзіцячай псіхалагічнай траўмы, што звычайная справа сярод жанчын, якіх, здаецца, у рэкламных мэтах называюць «порназоркамі».

Тое ж самае характэрна і для іх блізкіх калегаў – прастытутак.

Жанчыну, якая пакутвала на дэпрэсію і дысацыятыўнае разладжанне ідэнтычнасці, выкарыстоўвалі з 19 год як абʼект, як прыладу, як нежывы прадмет – і нікога з афіцыйных абаронцаў правоў жанчын ці секс-меншасцяў (Эймс прызнавалася ў сваіх бісексуальных схільнасцях) гэта асабліва не турбавала.

Калі яна выказала абсалютна натуральныя думкі адносна мінімальнага захавання ўласнай бяспекі, свайго права на тое, каб вырашаць, з кім займацца сексам на камеру – яна была зацкаваная тым самым «талерантным» мэйстрымам.

Фактычна яе забілі за тое, што яна неасцярожна сказала праўду, якую ў дзіўным сучасным свеце левага мэйнстрыму ўсе ведаюць, але пра якую не прынята думаць, а тым больш не прынята казаць.

Новая паліцыя думак ужо дзейнічае. На яе сумленні ўжо ёсць першыя ахвяры.

Аляксандр Гелагаеў, для belsat.eu


Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі


 

Глядзі таксама
Каментары