Мацаванае «бырла» зноў у лідарах: Беларусь капітулюе ў вайне супраць алкагалізму


Беларусь гадамі вяла няроўную барацьбу са шкоднымі звычкамі грамадства. Аднак эканамічны крызіс вымусіў Лукашэнку падтрымаць айчынную алкагольную індустрыю. Продаж таннага беларускага віна з тых часоў стаў абавязковым.

Піце, калі хочаце!

Беларускія кавярні, бары і рэстарацыі абавязаныя ўдвая павялічыць асартымент наяўнага алкаголю. Паліцы крамаў у абавязковым парадку павінна запаланіць танная дзяржаўная прадукцыя. Гэта неадкладная рэакцыя Міністэрства гандлю на апошнія гучныя заявы Аляксандра Лукашэнкі, які рэзка раскрытыкаваў урад за адсутнасць канкрэтных крокаў па абароне айчыннага рынку алкаголю.

Прэзідэнт абураўся, што расце імпарт спіртных напояў і маштаб нелегальнага продажу алкаголю. Тым часам айчынная вытворчасць – падае. Міністэрства гандлю адказала неадкладна – анулявала папярэднія абмежаванні, якія датычылі часу продажу алкаголю ў крамах.

Неўзабаве з’явілася распараджэнне, згодна з якім крамы, што прадаюць віно з вінаграду, абавязаны мець у асартыменце пладова-ягаднае віно айчыннай вытворчасці. Гэта так званае «чарніла» – сумесь заброджаных сокаў са спірытусам. Гэтыя напоі дасягаюць мацунку ад 15 да 20 % і дзякуючы больш чым умеранаму кошту, карыстаюцца пастаяннай папулярнасцю сярод менш вытанчанай кліентуры. Лекары, якія спецыялізуюцца ў залежнасцях, такія вынаходніцтвы называюць найгоршым злом. Нягледзячы на іх рамантычныя назвы…

[vc_single_image image=”368370″ img_size=”large”]

Піць сваё – не карміць Захад!

Сёння алкагольная рэвалюцыя адбываецца таксама ва ўстановах грамадскага харчавання. Праўда, Міністэрства гандлю, на шчасце, папярэдзіла, што яны не абавязаны прадаваць таннае віно, але пітушчы кліент напэўна будзе задаволены пашыранаю картай алкагольных напояў. Паводле распараджэння, апублікаванага 31 жніўня, беларускія кавярні, рэстарацыі і бары абавязаныя ўдвая павялічыць асартымент алкаголю.

Кавярні класу «Lux», якія маюць ліцэнзію на дробны гандаль алкаголем, павінны цяпер прадставіць 54 віды алкагольных напояў. У прыватнасці, 23 віды гарэлкі, 8 – каньякоў або брэндзі, 7 – лікёраў, 8 – шампанскіх або пеністых вінаў і такое ж самае з колькасцю вінаў з вінаграду.

Мэтаю ёсць продаж дзяржаўнай прадукцыі. Абарона ўнутранага рынку, не толькі алкаголю, але таксама ўсіх астатніх тавараў. «Прадаем сваё, а не кормім Захад» – патлумачыла парталу tut.by новую філасофію Ларыса Камарова, загадчыца аддзелу арганізацыі харчавання Міністэрства гандлю.

Пяцігодка цвярозасці

Філасофія гэтая сапраўды новая, таму што цянам апошніх гадоў беларускія ўлады рабілі ўсё дакладна наадварот – імкнуліся не павялічваць, а памяншаць ужыванне алкаголю грамадзянамі, а найбольш шкодныя рэчывы (мацаваныя сурагаты вінаў) ліквідаваць з рынку. Што праўда, вынікі гэтых дзеянняў пакідалі жадаць лепшага.

З п’янствам і алкагалізмам у Беларусі змагаліся з дапамогаю пяцігадовых планаў. Стратэгію гэтай бітвы ў апошняе дзесяцігоддзе вызначалі Дзяржаўныя праграмы нацыянальных дзеянняў у перадухіленні і пераадоленні п’янства ды алкагалізму. Першы план ахопліваў 2006-2010 гады, другі – 2011-2015. Мэты былі падобныя:

«Садзейнічанне абароне грамадства ад п’янства і алкагалізму, актывізацыя прафілактычнай работы, прыцягненне значнай часткі насельніцтва да вядзення цвярозага ладу жыцця, памяншэнне ўзроўню спажывання алкагольных напояў і тым самым значнае паляпшэнне стану здароўя насельніцтва Беларусі».

Гэта цытата з праграмы на 2006-2011 гады. Паводле ейных разлікаў, праз пяць гадоў яе рэалізацыі насельніцтва мела паменшыць спажыванне на 50 % (!) (штогод на 10%), узровень смяротнасці ў выніку спажывання (алкагалізм, выпадковыя атручванні) павінен быў упасці на 10%, а паказнікі захворвання алкагалізмам – паменшыцца на 1015 %.

Дэградацыя ня пагражае?

Праз пяць гадоў аказалася, што нешта не атрымалася – цi то план быў дрэнны, ці то грамадства да яго не дарасло. Таму што насельніцтва працягвала піць звыш меры. Нягледзячы на кампаніі кшталту той, падчас якой з Менску на прымусовае лячэнне ў закрыты цэнтр на перыферфі з помпаю вывозілі алкаголікаў, якія асабліва дакучалі сталічнай міліцыі. Гэтае відэа зрабіла фурор нават на расейскіх тэлеканалах:

Пасля заканчэння пяцігодкі аказалася, што колькасць зарэгістраваных алкаголікаў не толькі не зменшылася, але вырасла амаль на 6,5%. А статыстыка жаночага алкагалізму ўвогуле шакавала: такіх выпадкаў стала больш на 37%.

«Так, у нас ёсць каля мільёна грамадзянаў, якія злоўжываюць алкаголем, але гэтая лічба не змяняецца дзесяцігоддзямі. У «напаўсухі» гарбачоўскі закон было столькі ж. Ёсць ваганні: 10 тыс. больш, 10 тыс. менш, – супакойваў у 2012 годзе журналістаў onliner.by загадчык аддзелам рэабілітацыі Цэнтру псіхічнага здароўя Уладзімір Іваноў. – Але я не хацеў бы з гэтага рабіць трагічных высноваў. Часта ў СМІ я бачу інфармацыю, што ўжываюць па 10-12 літраў на душу насельніцтва, што нацыя хуткімі тэмпамі дэградуе… дэградацыі нацыі з-за гэтага не адбываецца! Так, мы губляем свой патэнцыял. Але ж у развітых краінах узровень алкагалізацыі не меншы… Алкагалізм перамагчы мы не можам, але мы можам дапамагчы асобным людзям».

І дапамагалі. Часам нават самым нечаканым спосабам. Напрыклад, калі бачылі, што нягледзячы на гады забароны, у беларускіх вёсках і лясах квітнее самагонаварэнне (паводле розных ацэнак, зарабляць на жыццё такім чынам можа 15% насельніцтва краіны), зроблены першыя крокі, каб яго легалізаваць. Спачатку дазволілі «гнаць самагон» у некалькіх скансенах і этнаграфічных музеях, а нядаўна выдалі ліцэнзію на яго прадукцыю вінакурным прадпрыемствам у Слоніме. Ці дойдзе справа да скупкі гэтага прадукту ў насельніцтва – пакуль што невядома…

Беларусь на самым высокім пастаменце

Вядома, што нягледзячы на рэалізацыю наступнай, яшчэ больш разлічанай на поспех праграмы барацьбы з алкагалізмам – на 2011-2015 гады – Беларусь пабіла ганебны рэкорд. План прадбачыў у прыватнасці, што на 2535% зменшыцца колькасць смерцяў у выніку выпадковых атручванняў алкаголем, на 3540% – колькасць людзей, якія пакутуюць ад алкагольных псіхозаў, а на 10–15% – хранічных алкаголікаў.

Тым часам у траўні 2014 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) апублікавала штогадовую справаздачу «Аб сітуацыі ў сферы алкаголю і здароўя». У Менску выбухнуў скандал: Беларусь заняла першае месца ў свеце з пункту гледжання спажывання чыстага спірытусу на душу насельніцтва!

Паводле гэтых звестак, кожны жыхар краіны, старэйшы за 15 гадоў, выпіваў штогод 17,5 літру чыстага спірытусу. Дарослыя жанчыны – 9,1 літру, а мужчыны – ажно 27,5. І гэта толькі легальны алкаголь: 47 % выпітага прыходзілася на гарэлку (вядома, гэта толькі легальная – без уліку самагоннай прадукцыі), 17% – піва, а віно з вінаграду – 5%.

[vc_single_image image=”368371″ img_size=”large”]

«Мы ўхітрыліся абагнаць нават Расею, якая ў вышэйзгаданым рэйтынгу толькі чацвёртая. Варта ўзгадаць Польшчу, якая асабліва не славіцца цвярозасцю. Дык вось, палякі выпіваюць каля 12,5 літру штогод, латышы – 12,3, украінцы – 13,9, а грузіны – 7,7 літру»,занепакоілася газета «СБ Беларусь Сегодня», пры гэтым звяртаючы ўвагу: «Цікава, што дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту (Белстат – рэд.), якія тычацца спажывання алкаголю беларусамі, адрозніваюцца ад міжнародных і складаюць 12,6 літру на чалавека. Справа ў тым, што Белстат вылічвае колькасць выпітага на цэлае насельніцтва – разам з немаўлятамі, а СААЗ – лічыць ад узросту 15 гадоў, што больш разумна. Сутнасці праблемы гэта не змяняе, і калі статыстыка неяк і памыляецца, то алкагалізацыя ў краіне ўсцяж велізарная».

Новы бліскучы план?

Хоць урад надалей хваліўся поспехамі: у выніку рэалізацыі праграмы 2012-2015 на 6 % зменшыўся агульны продаж алкаголю, на 7,7 % – колькасць злачынстваў і парушэнняў, якія ўчыненыя людзьмі ў нецвярозым стане, на 12,7 %  –колькасць аварыяў у нецвярозым стане. Ажно на 37,3 % – колькасць падобных выпадкаў на працы, на 12,8 – смерцяў у выніку атручвання алкаголем, на 8,5 %  колькасць хранічных алкаголікаў.

З п’янствам змагаюцца і на мясцовым узроўні, але па-ранейшаму згодна з разнарадкамі – гэта значыць «забараніць, перадухіліць, абмежаваць». У многіх гарадах моцныя напоі традыцыйна не прадаюць, напрыклад, падчас выпускных вечароў і некаторых масавых мерапрыемстваў, а ў вёсках – падчас вясновых і летніх палявых работ. А 15 чэрвеня гэтага года ва ўсіх менскіх крамах забаранілі продаж алкаголю з 22:00 да 09:00. Браць прыклад са сталіцы пачалі іншыя гарады…

І тут знянацку жнівеньская нарада з удзелам Лукашэнкі змяніла вектар гэтай шматгадовай палітыкі на 180 градусаў. А можа на… 45 адсоткаў?

Зрэшты, таксама не выключана, што не змяніла, а проста парвала са шматгадоваю гульнёй у прыстойнасць, якая выражалася ва ўрадавых пяцігодках і дзяржаўных планах, рэалізацыя якіх паглынула мільярды рублёў з дзяржаўнага бюджэту, а вынікі аказаліся досыць сумнеўныя.

Хоць у канцы сакавіка быў прапанаваны ўжо наступны план барацьбы з п’янствам і алкагалізмам – гэтым разам на 2016–2020 гады. Яго аўтары яшчэ, напэўна, не ведалі, што ім давядзецца змагацца з больш сур’ёзным ворагам. Мацаваным, быццам беларускае пладова-ягаднае…

Праблема старая як свет

Але як пераконвае артыкул з гэтай старой зжаўцелай газеты, – праблема алкагалізацыі грамадства на гэтых землях старая як свет. І напэўна, старэйшая не толькі за кампаніі ды змены курсу Аляксандра Лукашэнкі, але і чым сучасная Беларусь. Толькі тады шукалі зусім іншых вінаватых. Прынамсі ў Жупранах пад Ашмянамі…

[vc_single_image image=”368372″ img_size=”large”]

cez, belsat.eu

Стужка навінаў