У Беларусі працягваюцца суды над палітыкамі і актывістамі, затрыманымі 31 траўня ў сувязі з правядзеннем пікетаў па збору подпісаў. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Цэнтральны раённы суд Менску пакараў актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча 15 соднямі арышту кожнага. Іх прызналі вінаватымі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Раней 15 содняў арышту атрымаў палітык Мікалай Статкевіч.
Суд Савецкага раёну Менска пакараў штрафам Яўгена Гормаша – ён крычаў «Ганьба» працаўніку ДАІ, які 31 траўня афармляў пратакол на кіроўцу. За гэта ён быў затрыманы людзьмі ў цывільным. На Гормаша склалі адразу тры пратаколы правапарушэнняў: арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) і 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд Савецкага раёну пакараў яго 50 базавымі велічынямі (1350 рублёў).
Усяго, паводле праваабаронцаў, 31 траўня ў Беларусі было затрымана больш за 30 чалавек. Частку з іх затрымалі прэвентыўна, а частку – падчас пікетаў па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
ІІ belsat.eu