Ахова гісторыка-культурнага помніка: «Пайшоў прэч альбо атрымаеш у морду»


Берасцейскія журналісты падчас здымак рэпартажу пра знішчэнне гістарычных будынкаў сутыкнуліся з агрэсіўнай аховай.

У Берасці пачаўся знос апошніх дамоў унікальнага для Беларусі архітэктурнага ансамблю – калоніі Варбурга. З дванаццаці будынкаў улады абяцаюць пакінуць толькі адзін. Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава прыехалі здымаць, як знішчаецца гісторыя гораду і сутыкнуліся з хамствам і чарговым парушэннем правоў журналістаў.

«Калі мы прыехалі на месца, дзе пакуль яшчэ размешчаная частка калоніі Варбурга, то нас на тэрыторыю проста не пусціў ахоўнік», – кажа Алесь Ляўчук. – «Ён спасылаўся на тое, што ў нас няма будаўнічай каскі, хаця і ў прадстаўніка аховы яе таксама не было. Гэта не перашкаджала яму знаходзіцца на тэрыторыі будоўлі, якая, дарэчы, пакуль яшчэ не пачалася. Таксама спасылаўся на тое, што ў нас няма дазволу ад кіраўніцтва іх фірмы.

Далей з’явіўся яшчэ больш агрэсіўны чалавек, які таксама не прадставіўся.

«Ён выйшаў з цёмнага Mercedes дзяржаўны нумар 7777 АК-1 і адразу пабег у мой бок – кажа Алесь Ляўчук – ён некалькі разоў мяне абразіў, абяцаў ударыць у твар. Гэты мужчыны відавочна ведаў, хто я, ён сказаў: «Пайшоў прэч адсюль, ты ўсіх дастаеш, яшчэ сюды прыехаў». Пасля чаго ён, таксама без каскі, адправіўся на абгароджаную тэрыторыю будоўлі. Мы працягнулі здымаць з-за плота».

Калонія Варбурга першапачаткова ўяўляла сабой дванаццаць драўляных двухпавярховых дамоў пабудаваных у 1925-1927 гадах на сродкі габрэйскай дабрачыннай арганізацыі «Джойнт» для бедных іудзейскіх сем’яў Брэст-Літоўску.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Да канца ХХ стагоддзя дамы моцна здрахлелі. Першыя пяць будынкаў былі расселеныя і знесены ў пачатку 2000-х гг, на іх месцы пабудавалі інтэрнат Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Пазней былі знесены яшчэ некалькі дамоў і на іх месцы з’явіўся супермаркет «MartINN».

У 2010 годзе лёсам калоніі зацікавілася беларуская грамадскасць і прэса. З’явіліся прапановы аб стварэнні ў будынках калоніі этнаграфічнага музею і цэнтру габрэйскай культуры. Аднак гарадскія ўлады не падтрымалі прапановы. На дадзены момант пачаўся знос апошніх будынкаў. Толькі аднаму дому – № 12 па Першым Менскаму завулку – Міністэрствам культуры Беларусі быў прысвоены статус гісторыка-культурнага помніка.

Алесь Ляўчук кажа, што ахоўнік нават не ведаў, што ахоўвае гісторыка-культурны аб’ект.

«Такія меры бяспекі на аб’екце з’явіліся, калі адзін з рэгіянальны сайтаў размесціў фота на якіх бачна, што каля гэтага гістарычнага дому №12 ляжаць шыны. Такім чынам на Калоніі выпадкова ўжо было знішчана некалькі дамоў. Пажар наагул любімы сродак, тых хто знішчае гістарычныя будынкі ў горадзе. Выпадкова загарэлася, і ўсё – няма праблемы», – выказвае сваё меркаванне журналіст.

Будоўляй займаецца пінская кампанія «Іконігрупп». Яна плануе пабудаваць на месцы калоніі некалькі жылых дамоў, а будынак са статусам гісторыка культурнага помніка, відаць, ім вельмі замінае.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў