У антытэрарыстычным камітэце Арганізацыі аб’яднаных нацый лічаць, што выкарыстанне тэрарыстычнымі групамі выбуховых прыладаў, схаваных у планшэтах і ноўтбуках фактычна непазбежна, паведамляе BBC.
«Пытанне трэба ставіць не ці здарыцца гэта, а калі здарыцца», – заявіў выканаўчы дырэктар антытэрарыстычнага камітэту ААН Жан-Поль Лабард.
Заява прагучала пасля таго, як улады ЗША і Еўразвязу вырашылі не забараняць з-за пагрозы тэрактаў перавозку ў ручной кладзі планшэтаў і ноўтбукаў на рэйсах з Еўропы ў ЗША. Такая забарона ўжо дзейнічае ў дачыненні да рэйсаў з шэрагу краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, дзе жыве пераважна мусульманскае насельніцтва.
Паводле меркавання Лабарда, пагроза тэрактаў на бортах самалётаў з Еўропы дастаткова сур’ёзная.
Найбольшую небяспеку ўяўляюць баевікі Ісламскай дзяржавы (выхадцы з еўрапейскіх краін), якія вяртаюцца ў Еўропу з Сірыі і Іраку. Хваля вяртання баевікоў звязаная з тым, што Ісламская дзяржава паступова здае свае пазіцыі ў гэтых краінах.