У офісе кампаніі «Гавары праўду!» міліцыянты апісваюць маёмасць


Як паведаміў журналістам каардынатар выбарчага штабу кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў, прыкладна а 18.30 у офіс прыйшоў участковы, які сказаў, што ў міліцыю паступіла скарга ад суседзяў (офіс размешчаны ў жылым доме). У гэты час актывісты кампаніі абмяркоўвалі ход выбарчага працэсу і мелі намер паглядзець тэлевыступ кандыдаткі ў дэпутаты ад “Гавары праўду!” Таццяны Караткевіч.

Участковы выклікаў падмогу з ліку працаўнікоў гарадскога аддзелу міліцыі, які месціцца побач. Як адзначыў Дзмітрыеў, чацвёра міліцыянтаў паводзілі сябе “дастаткова карэктна”, “разам з актывістамі кампаніі паглядзелі выступ Караткевіч, перапісалі пашпартныя звесткі прысутных у офісе і пры гэтым нікога не затрымлівалі”.

Паводле стану на 20.00 працаўнікі міліцыі, са словаў Дзмітрыева, апісвалі ў офісе аргтэхніку і агітацыйныя матэрыялы, падрыхтаваныя для кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах. Пры гэтым пакуль не вядома, ці будзе нешта з апісанай маёмасці сканфіскавана, але, як сказаў Дзмітрыеў, “арганізацыя рыхтуецца да найгоршага”. Ён выказаў меркаванне, што аргтэхніку сканфіскуюць.

Дзмітрыеў наўпрост звязвае гэты інцыдэнт з удзелам “Гавары праўду!” у парламенцкіх выбарах. “Мы вельмі актыўна праводзім гэтую кампанію не толькі ў тых акругах, дзе ёсць нашыя кандыдаты ў дэпутаты, але і там, дзе іх няма. Мы размаўляем з людзьмі, тлумачым ім сітуацыю, і, натуральна, гэта не можа не турбаваць улады, і выклікае у іх такую нервовую рэакцыю”, – мяркуе каардынатар выбарчага штабу.

Варта адзначыць, што працаўнікі міліцыі не перашкаджалі журналістам у здымках нават падчас вопісу маёмасці.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары