Органы зацікавіліся ўладальнікам «Dankoff Club’у», дзе, імаверна, быў бардэль


У Менску працаўнікі галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю МУС Беларусі праводзяць ператрус у сталічным клубе.

Як паведаміў БелаПАНу сведка затрымання, сустаршыня камітэту дзеля абароны правоў зняволеных «Над бар’ерам» Цімафей Дранчук, прыкладна а 15:45 ён зайшоў у «Dankoff Club» выпіць кавы. У гэты час там быў дырэктар Юрый Данькоў. «Практычна адразу ж у памяшканне ўвайшлі пяць працаўнікоў органаў. Яны паказалі дырэктару клубу пастанову аб затрыманні ды пачалі шукаць панятых, каб забраць дакументы», – паведаміў Дранчук.

Следчыя органы, аднак, адзначылі, што афіцыйна лічыць затрыманым Данькова пакуль нельга, бо яму пакуль не прад’яўлена пастанова аб затрыманні.

Раней арыштавалі мастацкага кіраўніка і адміністратара «Dankoff Club’у», у адносінах якіх распачалі крымінальную справу. Затрыманыя падазраюцца ў тым, што цягам 6 гадоў на месцы працы выкарыстоўвалі прастытуцыю ў карыслівых мэтах, а таксама давалі памяшканні для заняткаў прастытуцыяй.

У 2001 годзе Юрый Данькоў меў намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, але не змог падаць у ЦВК неабходную для вылучэння кандыдатам колькасць подпісаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары