У Гомельскім бюджэце знайшоўся лішні мільён долараў


Амаль на 1 млн долараў дэпутаты павялічылі бюджэт Гомля ў сярэдзіне бюджэтнага года. Яны вырашылі пусціць лішнія грошы на адукацыю, ахову здароўя ды іншыя карысныя рэчы. З якога неба зваліліся сродкі ў вечна дзіравы беларускі бюджэт, каментуе эканаміст Антон Боўтачка.

Цуды здараюцца

Для беларускіх бюджэтаў, якія зазвычай выконваюцца з дэфіцытам, вольныя грошы – даволі нетыповая сітуацыя. Гомельскі гарадскі бюджэт патлусцеў у сярэдзіне года амаль на 7 млрд руб. Паводле курсу Нацбанку, гэта прыкладна 850 тыс. долараў.

Для «ўдакладнення бюджэту», як паведамляе мясцовая газета «ГВ», склікалі пазачарговую сесію гарсавету. Дэпутаты 1 млрд руб. накіравалі на адукацыю, 4 млрд – на ахову здароўя, 1,3 млрд далі ЖКГ, астатняе – па дробязях.

Лішнія грошы трэба знішчаць



Эканамічны эксперт Антон Боўтачка ведае, адкуль гарадскія ўлады ўзялі грошы – з друкарскага станка, хоць і не наўпрост.

«Летась дзяржаўны рэспубліканскі бюджэт мусіў закрыцца з дэфіцытам на некалькі адсоткаў, аднак быў прафіцыт. У звязку з тым, што дзяржава павялічыла аб’ём грашовай масы ды закінула ў эканоміку больш фінансаў на 20–30 %. І гэтая маса вярнулася дзяржаве ў выглядзе падаткаў, бо павысіліся кошты на тавары і паслугі», – тлумачыць дзіўнае павелічэнне беларускага бюджэту эканаміст.

У Гомлі, як мяркуе эксперт, адбылося тое самае. З пачатку года наяўная грашовая маса вырасла на 23 % за кошт друкавання.

«Мы маем паступленне ў бюджэт грошай, якія нічым не забяспечаныя. Калі гаварыць пра рацыянальную дзяржаўную палітыку, то трэба гэтыя лішкі выводзіць з абароту і знішчаць. Гэта нармальная з’ява, калі лішнія грошы проста знішчаюцца, а ў нас яны проста ўкідваюцца ў эканоміку і запускаюць так званы мультыплікатар, калі пусты рубель выклікае ціск на кошты, на курс валютаў», – кажа эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў