9 траўня – «Дзень Перамогі» ў кампаніі з пераможанымі

Давайце на пяць хвілін паверым, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка была дзяржавай беларускага народа, што БССР разам з усім СССР ваявала і перамагла ў «Вялікай Айчыннай вайне». Дык як выглядае зараз святкаванне гэтай перамогі?

Оркі, эльфы, гномы, савецкі народ…

У сучаснай Беларусі адзначаецца менавіта «Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», што літара ў літару паўтарае савецкую ідэалагічную схему. Кіраўнік дзяржавы нават не хаваў гэтага ў мінулым годзе, згадаўшы «савецкі народ» у першым жа сказе свайго выступу.

Актывісты БРСМ у Менску ў пародыях на форму савецкіх жаўнераў. Фота http://vitvesti.by/

«У нашай гісторыі нямала лёсавызначальных датаў. Але 9 траўня 1945 года – асаблівы дзень: Дзень Вялікай Перамогі. Яна была заваяваная савецкім народам у самай жахлівай вайне, жорсткай вайне з фашызмам», – сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.

Аднак, як вядома, этнаграфія – навука, якая вывучае народы, – ніякага «савецкага народу» не ведае. І сам гэты «народ» кудысьці знік, як толькі знік СССР. Што, пагадзіцеся, трохі дзіўна – шматлікія народы жывуць яшчэ стагоддзі і нават тысячагоддзі без сваіх дзяржаў. Але не гэты.

Такім чынам, відавочна, што святкаваць у Беларусі перамогу нейкага невядомага навуцы і няіснага «савецкага народу» – трохі дзіўна.

У кампаніі пераможаных

Добра, скажуць нам нашы апаненты злева, мы больш не будзем святкаваць перамогу фантастычных рас, нацый і народаў, гэта была перамога беларускага народа разам з іншымі народамі СССР. Яе і святкуйма.

Аднак, як вядома, вайна СССР і нацыстоўскай Нямеччыны пачалася 22 чэрвеня 1941 году, а закончылася 9 траўня 1945 года. Нацыстоўская Нямеччына і яе хаўруснікі (Славаччына, Італія, Фінляндыя, Вугоршчына, Румынія) вайну прайгралі. Нямеччына, Італія, Фінляндыя, Вугоршчына заплацілі за паразу тэрыторыямі. А Славаччына проста знікла.

Панцеляймон Панамарэнка – галоўны кіраўнік БССР перад вайной і падчас яе. Да прызначэння Сталіным на гэтую пасаду не меў ніякага дачынення да Беларусі. Фота wikipedia.org

Адпаведна, дзяржавы-пераможцы гэтыя тэрыторыі атрымалі. Аднак, як гэта ні дзіўна, БССР па выніках вайны 1941-1945 гадоў апынулася не ў шэрагу тых, хто тэрыторыі атрымаў, а ў шэрагу тых, хто тэрыторыі страціў – то бок у кампаніі з немцамі, італьянцамі, фінамі і вугорцамі.

Тэрыторыя БССР пасля «пераможнай» нямецка-савецкай вайны, якую ў нас афіцыйна яшчэ называюць «Вялікай Айчыннай», аказалася прыкладна на 10% меншай, чым да гэтай вайны. Чаму?

Няма суверэнітэту – няма перамогі

Таму што ў апошнія гады вайны стаяла пытанне, які ўрад будзе ў Польшчы, і Сталін, плануючы паставіць туды падкантрольных сабе асобаў, дэманстраваў ЗША, Вялікай Брытаніі і польскаму грамадству сваю гатовасць да саступак.

А БССР для Масквы была толькі разменнай манетай у гэтых вялікіх палітычных гульнях на мапе Еўропы. Такім чынам, органы БССР не былі органамі беларускай дзяржавы і не дзейнічалі адпаведна беларускім інтарэсам. Яны проста выконвалі загады з Крамля.

Незвычайная «перамога» ў вайне

І пакорна аддалі пад кантроль будучай прасавецкай Польшчы Беластоцкую вобласць і частку Берасцейскай – старажытныя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з вялікай доляй беларускага насельніцтва. Меншыя часткі тэрыторыі БССР Масква перадавала Польшчы ў 1946-1955 гадах яшчэ чатыры разы.

Дык што ж гэта за «беларуская дзяржава», якая пакорліва раздае па загадах з Масквы беларускія тэрыторыі? Што гэта за «Вялікая Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне», калі пасля яе тэрыторыя гэтай «беларускай дзяржавы» меншая, чым была да вайны?

Вечная памяць ахвярам! Вечная слава героям!

Аўтар ні ў якім разе не заклікае адбіраць Беласточчыну ў Польшчы. Размова пра той абсурд, у які нас заводзіць камуністычная прапаганда, якую некрытычна паўтараюць прасавецкія прапагандысты.

Калі глядзець на факты, то, слухаючы сучасную дзяржаўную прапаганду, мы святкуем перамогу неіснага народу ў вайне, па выніках якой беларускі народ страціў тэрыторыі, бо як напачатку не меў суверэнітэту, гэтак і ў канцы гэтай вайны не атрымаў яго.

Васіль Быкаў падчас вайны. Фота wikipedia.org

Ці адмяняе гэта бязмежную трагедыю беларускіх ахвяраў гэтай вайны? Ці адмяняе гэта вялізны гераізм беларусаў, якія ваявалі ў гэтай вайне?

Васіль Быкаў з іншымі ветэранамі пад бел-чырвона-белым сцягам. Фота Pinterest

Вядома, не. І гераізм, і пакуты былі, яны заслугоўваюць вечнай памяці, ушанавання і вывучэння.

Аднак савецкая хлусня дыскрэдытуе гераізм і пакуты нашых продкаў, а таксама саму сучасную беларускую дзяржаву, ад імя якой гэтую хлусню пашыраюць.

Аляксандр Гелагаеў

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў