888-годдзе Горадні: вышыванкі, дзеці на роварах і Каложа з сыру (Фота)


Інсталяцыя на дзень гораду ў Горадні

Дзень гораду ў Горадні прайшоў адначасна з Сырным фэстам.

Дзень гораду, прызначаны на 17 верасня, прайшоў у Горадні з размахам: ад урачыстых богаслужэнняў зранку да пампезных маршаў і фестывалю сыру ўдзень. Увесь цэнтр гораду ператварыўся ў расцягнуты па вузкіх вулачках кірмаш народных майстроў ды пляцоўкі для выступаў музычных калектываў.

Вуліцу Замкавую на дзень зрабілі пешаходнай: на ёй ініцыятыва «ВелаГродна» правяла заезды на самакатах ды роварах для самых маленькіх. Каб дзецям не было цесна і ніхто з нікім не сутыкнуўся, заезды прайшлі ў некалькі этапаў – пераможцаў на фінішы сустракалі задаволеныя бацькі і родныя.

Малыя раварысты ў Горадні

Малыя раварысты ў Горадні

Дзень гораду ў Горадні

Нехта рабіў сабе здымкі на памяць разам з сякерай

Кіна-пліты і сырная штанга

Насупраць Моладзевага цэнтру адкрылі дзве памятныя пліты, прысвечаныя ролі кінематографу ў гісторыі гораду. Варта згадаць, што яшчэ за савецкім часам у горадзе здымалі культавыя для Савецкага Саюзу фільмы: «Мяне завуць Арлекіна», «Наш чалавек у Сан-Рэма», «Белыя Росы» і інш. Бясплатныя паказы гэтых стужак прайшлі ў гарадскіх кінатэатрах.

На Савецкай плошчы можна было пакаштаваць сыр розных гатункаў, а таксама ўбачыць сырныя кампазіцыі. Напрыклад, Каложскую царкву, манумент з танкам або свечкі з лічбамі 888, зробленыя з сыру. У якасці забавы ахвочыя маглі пацягаць штангу з навешанымі на яе сырнымі «блінамі».

Сырная Каложа

Сырная Каложа

Штанга з сырнымі «блінамі»

Штанга з сырнымі «блінамі»

Горад «амаладзілі», каб дагадзіць Маскве?

У гісторыкаў, аднак, сённяшняе святкаванне выклікае шэраг пытанняў. Пачынаючы ад неадназначнасці абранай даты – 17 верасня – калі Заходняя Беларусь была гвалтоўна далучаная да СССР, і заканчваючы самой датай заснавання гораду.

Адзін з найстарэйшых гарадзенскіх краязнаўцаў Алесь Госцеў лічыць сапраўднай датай першай згадкі пра горад у дакументах не 1128, а 1127 год:

«Цяпер да гэтага стаўлюся ўжо спакойна, не так радыкальна, – тлумачыць спадар Госцеў. – Але я асабіста буду святкаваць у наступным годзе ўжо 890-годдзе Горадні. Паводле Лаўрэнцеўскага летапісу, гарадзенскі князь упершыню згадваецца ў 1127-ым, а ў Іпацьеўскім – у 1128-м».

Гарадзенскі краязнаўца Алесь Госцеў

Гарадзенскі краязнаўца Алесь Госцеў

Раней гісторыкі выкарыстоўвалі дзве даты, але гарадскія ўлады спыніліся чамусьці на адной – больш позняй. На думку Госцева, горад маглі «амаладзіць» за часамі СССР, каб дагадзіць Маскве, заснаванай у 1147-ым годзе, маўляў, каб Горадня была старэйшая за сталіцу «імперыі» не на 20, а на 19 год.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары