Дзяржава можа лячыць дзяцей за мяжою. Чаму гэта не працуе?


Бясплатная дзяржаўная медыцына вымушае сотні беларусаў ехаць ратаваць жыцці за мяжу, за што даводзіцца выкладаць велізарныя сумы. І беларусам нічога не застаецца, як прасіць суайчыннікаў: дапамажыце матэрыяльна. Аказваецца, што дапамога ад незнаёмых людзей больш эфектыўная за працу цэлай сістэмы аховы здароўя.

Смяротна хворыя

Хворы беларус, магчымасці якога атрымаць медычную дапамогу ў краіне вычарпаліся, тэарэтычна можа лячыцца за мяжою за дзяржаўны кошт. Іначай чаму называць нашую медыцыну бясплатнаю?

Міністэрства аховы здароўя за кошт бюджэту накіроўвае грамадзянаў на лячэнне за мяжу, дзе медыцына больш прасунутая. Аднак на практыцы гэты механізм працуе марудна і неэфектыўна. Ахвочых бясплатна вылечыцца – сотні, а рэальна накіроўваюць дзясяткі.

Гэтак, у 2010 г. рашэннем адмысловай камісіі з бюджэту было аплачанае замежнае лячэнне толькі 15 дзеткам. А дапамога патрэбная сотням. Да прыкладу, толькі ў філіялах “Беларусбанку” аформленыя 516 дабрачынных рахункаў: людзі просяць пералічваць сродкі на лячэнне ў краінах Еўразвязу, перадусім у Нямеччыне, або ў Ізраілі.

Калі дзяржава не можа

Міжнародная дабрачынная арганізацыя “Шанц” дапамагае збіраць ахвяраванні для хворых дзяцей ужо цягам чатырох гадоў. За гэты час дапамога аказаная 210 дзецям на агульную суму $ 1,8 млн. Шмат хто змог паправіць здароўе і прайсці абследаванні ў замежных клініках дзякуючы шчодрасці суграмадзянаў.

Трэба зазначыць, што на бясплатную медычную дапамогу насельніцтву закладаецца ў беларускі бюджэт $ 213,8 млн на год. І незразумела – чаму дзяржава не можа дапамагчы тысячы няшчасных дзяцей?

Дырэктар дабрачыннай арганізацыі Наталля Маханько кажа, што гэта вельмі складанае пытанне. Перадусім праблема ў недахопе або ў няслушным размеркаванні бюджэтных сродкаў. Другая праблема – бар’еры, якія ставяць камісіі перад сем’ямі.

“Нашая арганізацыя не можа дапамагчы ўсім дзеткам, таму прымаем рашэнні паводле медычных паказанняў. Калі ў Беларусі ёсць паслугі той жа якасці, то мы адмаўляем бацькам. Дзяржаўная камісія таксама глядзіць на магчымасці беларускай медыцыны і замежнай ды шмат каму адмаўляе. З іншага боку, шмат якія аперацыі ў нас толькі пачалі праводзіць, і бацькі кажуць, што не хочуць, каб на іхным дзіцяці практыкаваліся. Мы разумеем такіх бацькоў”, – кажа спадарыня Маханько.

На што просяць грошы

Сродкі патрэбныя не толькі на аперацыі. Гэта і даследаванні, для якіх у Беларусі няма абсталявання, а таксама рэабілітацыя. Пасля скарачэння спісу бясплатных лекаў дзеля лячэння хранічных захворванняў людзі пачалі прасіць ахвяраванні на дарагія лекі. Дзяржава перастала аплачваць некаторыя эфектыўныя лекі для хворых на гепатыт B і C. За гадавы курс пацыенту або ягоным бацькам трэба выкласці каля 140 млн беларускіх рублёў.

belsat.eu

Стужка навінаў