«Ідэалагічна правільны» збой сістэмы. У невыязныя трапляюць непажаданыя ўладам


Валянціна Стэфановіча ўключалі ў базу звестак асобаў, якім часова забаронены выезд за мяжу, з прычыны тэхнічнага збою. Пра гэта гаворыцца ў лісце начальніка дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна, які праваабаронца атрымаў 13 чэрвеня.

«На наш запыт у Міністэрства абароны аб прычынах уключэння звестак пра Вас у банк звестак паступіў адказ, што ваеннымі камісарыятамі Рэспублікі Беларусь рашэнняў аб часовым абмежаванні Вашага права на выезд з Рэспублікі Беларусь не прымалася. Разам з тым, зыходзячы з шэрагу зваротаў грамадзянаў, варта зазначыць, што ў перыяд з 24.02.2012 да 10.03.2012 меліся тэхнічныя збоі ў перадачы інфармацыі ў банк звестак, магчымым вынікам якіх было памылковае ўключэнне звестак пра Вас у банк звестак», – гаворыцца ў лісце.

Цяпер МУС мае правесці правяранне праўдзівасці ўсіх звестак, што паступілі ў банк звестак з упаўнаважаных дзяржаўных органаў за згаданы перыяд часу.

«Я ведаю, як завецца гэты «тэхнічны збой», які «збаіў» настолькі выбарачна, што ў базу звестак невыязных памылкова трапілі толькі апазіцыйныя палітыкі, незалежныя журналісты, праваабаронцы і адвакаты. Застаецца спадзявацца, што ў дэпартаменце знойдуць асобаў, вінаватых у распаўсюджанні «шкоднага віруса», і ўзорна іх пакараюць», – гаворыць Валянцін Стэфановіч.

belsat.eu

Стужка навінаў