Цяпер і курорты Чарнагорыі закрытыя для беларускага рэжыму


Візавыя і эканамічныя санкцыі Еўразвязу супраць уладаў Беларусі падтрымалі яшчэ сем краінаў Еўропы. Як адзначае палітолаг Класкоўскі, гэты крок толькі раздражніць беларускіх чыноўнікаў, але сітуацыі прынцыпова не зменіць.

Харватыя, Македонія, Чарнагорыя, Ісландыя, Сербія, Албанія і Ліхтэнштэйн далучыліся да эканамічных і візавых санкцыяў Еўразвязу супраць афіцыйнага Менску. З такою заяваю ад імя ЕЗ выступіла 8 чэрвеня вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што нічога звышнатуральнага не адбываецца. Балканскія краіны ставяць на мэце далучэнне да ЕЗ, перабываюць у працэсе перамоваў і такім чынам паказваюць, што падзяляюць дэмакратычныя прынцыпы аб’яднанай Еўропы.

“Таму гэтыя краіны займаюць пазіцыю асуджэння ў дачыненні беларускага рэжыму за ягоныя парушэнні ў галіне дэмакратыі ды правоў чалавека. Яны, акрамя іншага, хочуць зарабіць дадатковыя пункты, даць сігнал: мы сапраўды еўрапейцы, дэмакраты, і мы супраць дыктатуры”, – мяркуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Візавыя і эканамічныя санкцыі – рэч сімвалічная, таму не варта чакаць, што далучэнне новых краінаў карэнным чынам памяняе сітуацыю, прагназуе эксперт. Самі санкцыі хутчэй маюць на мэце выявіць пазіцыю ЕЗ, чым зваліць дыктатуру. Яны аказваюць маральны ціск на дыктатуру.

Псіхалагічныя санкцыі

Адчувальныя страты панясуць толькі аматары курортаў Чарнагорыі з ліку асобаў, што трапілі ў чорны спіс ЕЗ. У разгар курортнага сезону праз візавыя санкцыі міжнародна прызнаныя “ваяры” рэжыму нe змогуць там адпачыць.

“Хоць часам сістэма візавых забаронаў дае збой, чыноўнікі ад граху падалей будуць выбіраць іншыя маршруты. Напэўна, яны ўжо ўпадабалі штосьці, і некаторыя нават публічна хваліліся, што паедуць у Турцыю і Егіпет, дзе цёплага мора і залатых пляжаў дастаткова”, – кажа спадар Класкоўскі.

Эксперт прыгадвае, як спадарыня Ярмошына і спадар Лазвавік раздражнёна называлі санкцыі “еўрадэбілізмам” і гэтак далей. І пашырэнне спісу краінаў, што падтрымліваюць пазіцыю ЕЗ, будзе яшчэ больш непрыемнае менавіта ў маральна-псіхалагічным плане.

belsat.eu

Стужка навінаў