Барадач стварыў аргкамітэт Рады нацыянальнага адраджэння Беларусі


Палкоўнік лічыць, што ўсе пытанні апанентаў здыме мемарандум, у якім ён з паплечнікамі патлумачыў сваю пазіцыю.

Аргкамітэт Рады нацыянальнага адраджэння Беларусі, з якога ў перспектыве можна сфармаваць ценевы ўрад, фактычна створаны. Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэту, былы камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння палкоўнік Уладзімір Барадач.
Паводле яго, пасяджэнні аргкамітэту ўжо прайшлі ў Расеі, Украіне, Польшчы і Літве. У іх удзельнічалі 28 беларускіх эмігрантаў (былыя працаўнікі сілавых структураў Беларусі, грамадскіх арганізацыяў і палітычных партыяў) і некалькі дзясяткаў актывістаў апазіцыі, якія жывуць у Беларусі. Намеснікам старшыні аргкамітэту стаў былы маёр КДБ Ануфрый Рамановіч.

“Мы ўжо практычна падрыхтавалі мемарандум аргкамітэту, які мусіць быць распаўсюджаны на гэтым тыдні. У ім будуць адлюстраваныя нашыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя мэты і задачы, бачанне незалежнага беларускага грамадства, шляхі барацьбы з дыктатураю”, – паведаміў Барадач.

Ён лічыць, што мемарандум здыме ўсе здагадкі вакол ідэі стварэння аргкамітэту. Гаворкі пра стварэнне ценевага ўраду і яго прызнанне за мяжою цяпер не ідзе, падкрэсліў былы камандзір брыгады спецназу. “З’яўленне такога ўраду было б выгаднае адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі б у яго ўвайшлі апазіцыйныя кандыдаты на прэзідэнцтва. Яны маглі б паспрабаваць развязаць праблемы апазіцыі, аб’яднаць яе. Аднак час паказаў, што яны не гатовыя да рэальнай барацьбы з рэжымам, яны вырашылі суіснаваць з ім”, – сказаў Барадач.

На ягоную думку, экс-кандыдаты на прэзідэнцтва, якія заваявалі аўтарытэт падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, пачынаюць яго “катастрафічна губляць”. Барадач кажа, што шлях да дэмакратычнай Беларусі будзе просты, калі Захад і Расея прыйдуць да адзінай пазіцыі. У адваротным выпадку нас чакае “працяглая барацьба”.

belsat.eu

Стужка навінаў