Лукашэнка – бедны прэзідэнт?


Заробак прэзідэнта Беларусі – каля $ 2000. У гэтым Лукашэнка сам прызнаўся падчас нядаўняга паслання народу і парламенту. Для пасады прэзідэнта Беларусі гэта замалы заробак, лічыць эканаміст Леанід Заіка і прапаноўвае падняць яго да $ 50 000.

Заробак беларускага прэзідэнта – не самы вялікі ў параўнанні з акладамі іншых прэзідэнтаў краін СНД. Больш за ўсіх атрымлівае прэзідэнт Азербайджану – $ 18 700, на другім месцы расейскі лідар з заробкам $ 9000 на месяц. Паводле тэлекампаніі “Мір”, беларускі лідар – на трэцім месцы з акладам $ 2800, а ўкраінскі на чацвёртым – $ 2500. Менш за ўсіх афіцыйна зарабляюць прэзідэнты Арменіі ды Туркменістану, $ 900 на месяц кожны.

Эканаміст Леанід Заіка выступае за шматразовы рост даходаў Лукашэнкі. На думку эксперта, $ 2000 – гэта замала. Заробак мусіць быць хаця б на ўзроўні банкірскага. $ 50 000 на месяц для прэзідэнта Беларусі былі б прыстойным заробкам, і вось з якой прычыны:

“Нашая краіна не падзяліла яшчэ маёмасці, і неўзабаве да прэзідэнта ўсе пачнуць лезці з хабарам. Каб прэзідэнт не браў хабару, давайце зробім яму 50 000 долараў заробку. Гэта маё асабістае пажаданне”, – кажа спадар Заіка.

Аднак прэзідэнт Беларусі не жыве на адзін заробак. Паводле рассакрэчаных справаздачаў менскай амбасады ЗША свайму ўраду, Лукашэнка мае ценявыя даходы. Грошы на ягоным рахунку ацэньваюць на $ 9 млрд. У той жа час у дэкларацыі даходаў, якую Лукашэнка падаваў як кандыдат на прэзідэнта ў 2010 г., ён пазначыў $ 30 000 гадавога прыбытку.

Крыніцамі ценявых даходаў Лукашэнкі ды ягонай сям’і аўтары скандальнага фільму НТВ “Хросны бацька” называюць транзіт і рээкспарт тавараў у Расею, канфіскат, рэкет прыватнага бізнесу, а таксама грошы ад алігархаў Юрыя Чыжа і Уладзіміра Пефціева.

Нагадаем, што нядаўнія эканамічныя санкцыі Еўразвяз увёў супраць кампаніяў, якімі кіруюць Чыж і Пефціеў.

Кішэня Лукашэнкі не надта пацярпела ад санкцыяў Еўразвязу, мяркуе эканаміст Леанід Заіка:

“Ацаніць казну Лукашэнкі не проста. З аднаго боку, $ 9 млрд – зашмат, з іншага – калі параўноўваць з Абрамовічам, то замала. Трэба яшчэ глядзець на капіталізацыю актываў, яна можа змяняцца у залежнасці ад стану фінансавага рынку. Для прэзідэнта было б прыстойна мець мільярдаў 20–25 долараў. І санкцыі Еўразвязу яму пакуль не пагроза. Гэта дэманстратыўная рэч. Проста Захад даслаў мэсыдж, што ў будучым можа быць сур’ёзная пагроза захаванню дыялогу і ягоным даходам”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары