Апытанне: Лукашэнка і Пуцін – хто даўжэй утрымаецца?


Сёння Уладзімір Пуцін трэці раз за апошнія 12 гадоў заняў прэзідэнцкую пасаду. Згодна з новым расейскім заканадаўствам, ён будзе кіраваць краінаю наступныя шэсць гадоў. Аляксандр Лукашэнка перамог на апошніх выбарах у 2010 г., перад ім яшчэ больш за тры гады прэзідэнцкага тэрміну, жадання сыходзіць пасля якога ён пакуль не выказаў.

«Белсат» запытаў у берасцейцаў, хто, на іхную думку, даўжэй утрымаецца ў прэзідэнцкім крэсле.

«Пуцін, бо там як бы народу болей, разумееш? І… як бы табе патлумачыць – з маленькай кучкі, калі яе раздрабніць, нічога не застанецца, а калі большасць за Пуціна, то ён будзе стаяць. А каб там народу было меней, як у нас, то яго можна было б раздрабніць, і не вядома, за каго б яны былі. А калі там народу болей, то Пуцін даўжэй будзе ва ўладзе», – падзяліўся мужчына.

«Я думаю, што, напэўна, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даўжэй пратрымаецца. Чаму? Не – гэта маё меркаванне, больш словаў не маю: Аляксандр Рыгоравіч будзе», – кажа пажылая жанчына.

«Мне падаецца, што Лукашэнка будзе пажыццёва, тут і пытанняў няма. Бо ён і на наступныя выбары будзе балатавацца – наш народ усё роўна яго выбера, гэта сто адсоткаў. Мы ж іншага прэзідэнта баімся выбраць, не ведаем іншага – вось і баімся. А ў Расеі будуць мяняцца: Пуцін – Мядзведзеў, Мядзведзеў – Пуцін. Так насамрэч тое самае, што ў нас», – кажа мужчына.

«Пуцін! Бо яны будуць мяняцца з Мядзведзевым туды-сюды і абодва будуць ва ўладзе, а наш будзе, пакуль Колька не вырасце», – упэўнены пажылы мужчына.

belsat.eu

Стужка навінаў