Станіслаў Багданкевіч: Нацбанк не гатовы да дэнамінацыі


“Дэнамінацыю трэба праводзіць тады, калі інфляцыя будзе невялікая, у найлепшым выпадку – 3–5 % на год. Дэнамінацыя робіцца дзеля таго, каб скараціць грашовую масу. А калі мы зноў будзем нарошчваць заробкі, а з іншага боку – кошты, то гэта ні да чаго не прывядзе, акрамя стратаў”, – заявіў экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Пра магчымую дэнамінацыю заявіла на мінулым тыдні дзейная старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова. Паводле чыноўніцы, толькі ў 2013 г. умовы могуць спрыяць таму, каб разглядаць гэтае пытанне. Апошні раз дэнамінацыя беларускага рубля (у суадносінах 1:1000) праводзілася ў Беларусі 1 студзеня 2000 г.

“Каб падрыхтавацца да дэнамінацыі, трэба вырабіць новыя грашовыя знакі, пасля чаго можна абвяшчаць дэнамінацыю. Але сёння Нацбанк не гатовы да гэтага. Не гатовы – не таму, што не вырабленыя новыя грошы, а таму, што вельмі высокая інфляцыя”, – дадаў Багданкевіч.
Станіслаў Багданкевіч падкрэслівае, што спачатку трэба перамагчы інфляцыю. “Перамагчы можна, калі не дапускаць росту заробкаў, пенсіяў і дапамогаў, што не заробленыя, – гаворыць эканаміст. – У І квартале вытворчасць вырасла на 3 %, а заробкі маюць намер павысіць на 20 %. Гэта значыць, што грошай будзе больш, чымся створана прадукту. Гэта канечне прывядзе да далейшай інфляцыі”.

belsat.eu

Стужка навінаў