Немец і грэк, якія марылі трапіць у Беларусь, цяпер у ізалятары


Немец незаконна перайшоў мяжу, каб знайсці працу. Візу яму не зрабілі з-за «складаных палітычных адносінаў» з Менскам. Трапіць у Беларусь яму дапамог грамадзянін Грэцыі.

Двух жыхароў Нямеччыны затрымалі 23 красавіка, калі яны спрабавалі незаконна трапіць у Беларусь. Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага памежнага камітэту, сцежку слядоў двух асобаў, што вяла ад беларуска-польскай мяжы да сігналізацыйнага комплексу і назад, убачыў памежны нарад. Хутка службовы сабака вывеў трывожную групу на двух парушальнікаў мяжы, якія спалі ў памежнай паласе.

Гэта былі грамадзяне Грэцыі ды Нямеччыны, 1959 і 1985 гадоў нараджэння, якія мелі пры сабе асабістыя рэчы, невялікія сумы ў польскіх злотых і беларускіх рублях, мабільны тэлефон, палатку, спальнікі і нож. Пазней да гэтай маёмасці дадаўся надзіманы матрац, на якім парушальнікі пераплылі Буг.

Як адразу растлумачылі затрыманыя, у Беларусь іх прывяло жаданне ўладкавацца на працу. Але праз некалькі гадзінаў адкрыліся новыя падрабязнасці. Немец сапраўды хацеў уладкавацца ў сельскай гаспадарцы. Аднак у турагенцтве, куды ён звярнуўся па дапамогу, яму абмалявалі неверагодныя цяжкасці ў атрыманні беларускай візы для грамадзянаў Нямеччыны з-за «складаных палітычных адносінаў» з Менскам.

Дапамагчы трапіць у Беларусь, але незаконным шляхам, яму прапанаваў сябар, грамадзянін Грэцыі, які стала жыў у Нямеччыне і працаваў у рэстаране. Апошняму на беларускую тэрыторыю трэба было трапіць, каб наведаць грамадзянскую жонку, жыхарку Гомельскай вобласці.

Затрыманых змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Берасцейскай памежнай групы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары