МУС не каментуе інфармацыі пра новага сукамерніка Статкевіча


Пра тое, што да экс-кандыдата падсадзілі былога ўдзельніка «эскадрону смерці», паведаміла сёння інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа».

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі БелаПАН адмовіліся каментаваць інфармацыю пра новага сукамерніка экс-кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча.

Паводле інфармацыі «Платформы», у камеру да Статкевіча, які ўтрымліваецца ў магілёўскай турме № 4, перавялі з наваполацкай калоніі № 10 Андрэя Васільева, былога намесніка камандзіра в/ч 3214 унутраных войскаў па фізічнай падрыхтоўцы. Гэтага чалавека ў 2002 г. Беларускі ваенны суд прысудзіў да 21 года пазбаўлення волі за забойства дзяўчыны.

«Платформа» нагадвае, што ў адной з серыяў паказанага летась на расейскім тэлеканале НТВ фільму «Хросны бацька» гаварылася, што Андрэй Васільеў ніколі не хаваў свайго асабістага ўдзелу ў выкраданні і забойствах лідараў апазіцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага ў 1999–2000 гг. Сам Васільеў у эфіры ОНТ абверг сваю датычнасць да «эскадрону смерці».

Мікалая Статкевіча асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. Прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта ён не пісаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары