Як сустракалі Андрэя Саннікава


Каля сотні чалавек сабраліся ўначы 15 красавіка на Прывакзальнай плошчы Менску, каб сустрэць Андрэя Саннікава, кандыдата на прэзідэнта Беларусі на выбарах 2010 года, вызваленага ўвечары 14 красавіка з віцебскай калоніі.

У Менск Саннікава прывезлі з Віцебску на аўтамабілі ягоныя паплечнікі па грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» а другой гадзіне ночы. Палітыка сустракалі журналісты, актывісты «Маладой Беларусі» ды іншых грамадскіх аб’яднанняў і бацькі ягонай жонкі Ірыны Халіп.

Сама Ірына сустрэць мужа не змагла, бо яе таксама судзілі паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010-га і прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання пакарання на два гады: згодна з правіламі адбывання пакарання, яна не можа выходзіць з кватэры ў начны час .

З гэтай нагоды Саннікаў заўважыў: «Мая жонка ўсё яшчэ застаецца ў закладніках. Мяне вызвалілі менавіта ў той час, калі сама яна мяне сустрэць не можа».

Андрэй Саннікаў падзякаваў усім, хто сабраўся, за падтрыманне і салідарнасць. Ён падкрэсліў, што ягонае вызваленне сталася магчымым, у першую чаргу, дзякуючы салідарнасці беларусаў, да якой затым падключылася міжнародная супольнасць.

Паводле бацькі Ірыны Халіп, сённяшняя радасць вельмі ўмоўная, бо шматлікія палітвязні дагэтуль застаюцца за кратамі.

«Гэта былі не дні, а гады чакання. І хто верне гэты час Андрэю, ягонай маці, хто верне гэты час майму Даньку? Не зразумела, за што гэта выпала людзям. Колькі людзей яшчэ застаецца там і колькі яшчэ спатрэбіцца дзён змагання, каб яны апынуліся дома?..» – сказаў Уладзімір Халіп

Андрэй Саннікаў быў вызвалены з калоніі «Віцьба-3» увечары 14 красавіка на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары