Віктар Івашкевіч «падрывае дзяржаўны суверэнітэт»?


Прадстаўнік аргкамітэту дзеля стварэння партыі “Беларускі рух” Віктар Івашкевіч папярэджаны пра недапушчальнасць дзеянняў, якія могуць быць скіраваныя на “падрыў дзяржаўнага суверэнітэту”. Папярэджанне апазіцыйнаму палітыку было вынесенае ў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, куды яго выклікалі 27 сакавіка.

“Сёння а 15-й гадзіне мне прапанавалі яшчэ раз прыйсці ў пракуратуру, дзе будзе выдадзенае пісьмовае папярэджанне”, – паведаміў Івашкевіч журналістам.

Паводле палітыка, папярэджанне звязанае з ягонымі выказваннямі пра неабходнасць санкцыяў супраць беларускага рэжыму. “Я сябе не лічу вінаватым у падрыве дзяржаўнага суверэнітэту. Наадварот, дзеянні ўладаў Беларусі, іх рэпрэсіі правакуюць і падштурхоўваюць да ўвядзення супраць краіны санкцыяў. Не ад выказванняў Івашкевіча залежыць увядзенне санкцыяў, а ад паводзінаў уладаў”, – падкрэсліў Івашкевіч.

Ён таксама паведаміў, што разглядае магчымасць звароту ў пракуратуру з просьбаю ацаніць дзеянні ўладаў на прадмет падрыву дзяржаўнага суверэнітэту. “Я спытаўся ў пракуратуры, ці будуць яны разглядаць магчымыя дзеянні дзеля падрыву дзяржсуверэнітэту, калі тыя будуць зыходзіць з боку ўладаў, чыноўнікаў. Мне адказалі, што праверку могуць праводзіць у дачыненні любога грамадзяніна”, – распавёў палітык.

Нагадаем, 14 сакавіка Віктар Івашкевіч звярнуўся да ўрадаў еўрапейскіх краінаў з заклікам неадкладна ўвесці эмбарга на набыццё і транспартаванне беларускіх нафтапрадуктаў да вызвалення асуджанага апазіцыянера Сяргея Каваленкі, які трымае працяглую галадоўку і страціў больш за 30 кілаграмаў.

“Зразумела, дыктатар па добрай волі нікога не адпусціць. Значыць, яго трэба прымусіць гэта зрабіць. Прымусіць Лукашэнку выпусціць з турмы ўсіх палітзняволеных, а ў першую чаргу Сяргея Каваленку, могуць толькі рэальныя эканамічныя санкцыі – такія, як забарона ўрадамі краінаў Еўразвязу купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты на іх тэрыторыі. Але для таго, каб такія санкцыі былі ўведзеныя, беларускім палітыкам, грамадскім дзеячам, усім беларусам, каго сапраўды хвалюе лёс Сяргея Каваленкі, неабходна тэрмінова, ясна і публічна запатрабаваць ад еўрапейскіх краінаў гэтыя санкцыі ўвесці. Таму я, Івашкевіч Віктар Антонавіч, сустаршыня Рады прадстаўнікоў Народных сходаў, адкрыта і публічна звяртаюся да ўрадаў еўрапейскіх краінаў з патрабаваннем неадкладнай забароны купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты на іх тэрыторыі, інакш смерць Сяргея Каваленкі пакладзецца і на вашае сумленне”, – гаварылася ў звароце палітыка.

belsat.eu

Стужка навінаў