Сяргея Каваленку этапавалі ў шпіталь пры калоніі «Віцьба-3»


Як паведаміла маці Сяргея Каваленкі, 26 сакавіка яна наведала следчы ізалятар № 1 у Менску. “Там мне сказалі, што ўначы 26 сакавіка Сяргея этапавалі ў аддзяленне турэмнага шпіталю на тэрыторыі калоніі “Віцьба-3”. Яго там пакладуць у псіхіятрычнае аддзяленне. Нібыта ў іх няма іншага выйсця, каб вывесці яго з галадоўкі, акрамя як накіраваць у такі шпіталь. Змяшчаць Сяргея ў цывільны шпіталь адмовіліся, імёнаў дактароў, якія будуць абследаваць Сяргея, нам таксама не назвалі”, – распавяла Лідзія Каваленка.

За час працяглай галадоўкі Каваленка страціў больш за 30 кілаграмаў вагі. З 16 сакавіка яму прымусова ставяць кропельніцы. Выходзіць з галадоўкі добраахвотна актывіст адмаўляецца, пратэстуючы такім чынам супраць прысуду.

24 лютага суд Першамайскага раёну Віцебску прыгаварыў Сяргея Каваленку да 2 гадоў аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Апазіцыянер абвінавачаны ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, якое вынес яму ў траўні 2010 г. суд Кастрычніцкага раёну Віцебску за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску. З 19 снежня мінулага года Каваленка застаецца ў зняволенні.

belsat.eu

Стужка навінаў