IBB прапануе спрасціць візавы рэжым для беларусаў


Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, якія разам з Менскім гарвыканкамам і “Беларусбанкам” ёсць заснавальнікам Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў (IBB), накіраваў зварот да кіраўнікоў МЗС Нямеччыны, Нідэрландаў і Вялікабрытаніі з прапановаю спрасціць візавыя ўмовы для беларусаў.

Сярод іншага, прапаноўваецца зрабіць бясплатныя шэнгенскія візы для беларусаў ва ўзросце да 25 гадоў і вызваліць ад аплаты консульскага збору або напалову яго зменшыць (да 30 еўраў) для беларусаў, якія выязджаюць у краіны Еўразвязу з асабістымі ці бізнесовымі мэтамі.

Кіраўнік справамі Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру Пэтэр Юнге-Вэнтруп зазначыў на сустрэчы з журналістамі ў Менску, што “ІВВ ёсць прадстаўніком народнай дыпламатыі, і яна магчымая толькі тады, калі людзі могуць свабодна ездзіць і камунікаваць. І было б добра, калі б маладыя людзі змаглі ездзіць па бясплатных візах, а для больш сталых – скарацілі б консульскія выдаткі. У гэтыя складаныя часы абмен не мусяць быць абмежаваны. Я б не хацеў, каб вярнуліся часы, калі паміж людзьмі былі франты. Мы будзем на гэты конт весці перамовы з МЗС у Берліне, Лондане, Гаазе”, – распавёў спадар Пэтэр Юнге-Вэнтруп.

Ён зазначыў, што ў сувязі з абмежаваннямі для пэўных асобаў на ўезд у Беларусь і на выезд з яе Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр мусіць адаптаваць сваю працу, “бо цэнтральныя асобы, што працуюць для нас тут, не могуць прыехаць у Нямеччыну, і ёсць люстэркавыя выпадкі”.

“Люстэркавым выпадкам” стала забарона на ўезд у Беларусь для былога нямецкага дырэктара ІBB Астрыд Зам – яе не пусцілі ў Беларусь. Спадарыня Зам ляцела ў Менск у справах, звязаных з дабрачыннаю арганізацыяй “Надзея”. 18 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце Менск ёй паведамілі, што, нягледзячы на дзейную беларускую візу ў краіну яна ўехаць не можа.

Астрыд Зам была дырэктарам Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру да лістапада 2011 г. Цяпер на гэтую пасаду прызначаная Ольга Рэнш. Яна распавяла, што дагэтуль ніколі не сутыкалася з абмежаваннямі для ўезду ў краіны свету, не мела праблемаў і з наведваннем Беларусі. “У цэлым мы турбуемся за працу ІВВ, бо, як бачым, могуць узнікнуць некаторыя праблемы. Але нашая мэта – будаваць масты паразумення”, – падкрэсліла новая кіраўніца спадарыня Рэнш.

belsat.eu

Стужка навінаў