Афганістан: пратэстоўцы спалілі крыж


Каля 2000 чалавек сабраліся ў Джалялябадзе на мітынгу пратэсту. Антыамерыканская маніфестацыя скончылася спальваннем крыжа і пудзіла жаўнера.

Пратэст быў выкліканы апошнім здарэннем з удзелам амерыканскіх вайскоўцаў: адзін з жаўнераў расстраляў у афганскай вёсцы 16 чалавек, сярод іх – 9 дзяцей. Потым ён здаўся амерыканскім вайскоўцам. Цяпер ён пад вартаю. Амерыканскія вайскоўцы гавораць, што раней гэты жаўнер перанёс чэрапна-мазгавую траўму ў Іраку.

Дэманстранты скандавалі “Смерць Амерыцы” і патрабавалі ад прэзідэнта Афганістану Хаміда Карзая не падпісваць пагаднення з Вашынгтонам, паводле якога ў краіне да 2014 г. могуць застацца амерыканскія вайсковыя дарадцы і спецназ. Яны таксама запатрабавалі найхутчэйшага вываду амерыканскіх войскаў з краіны. Паводле маніфестантаў, судзіць злачынцу мусіць афганскі суд паводле мясцовых законаў.

Тым часам афганскія талібы пагражаюць абезгаловіць амерыканскіх жаўнераў за злачынства, учыненае ў вёсцы.

belsat.eu

Стужка навінаў