«Смачна есці» – энцыклапедыя беларускай кухні


У менскай кнігарні “Прэзентацыя” сабраліся з нагоды выхаду новай кнігі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” – “Смачна есці”.

Як паведаміла навуковы рэдактар рэдакцыі “Літаратура і мастацтва” выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Кацярына Лабецкая, “Смачна есці” – гэта другая кніга, прысвечаная беларускай нацыянальнай кухні. Першая называлася “Энцыклапедыя беларускіх страваў” і падавала рэцэпты, у склад якіх уваходзілі не характэрныя для Беларусі інгрэдыенты: авакада, тапінамбур і г. д.

“Энцыклапедыя беларускай кухні “Смачна есці”, наадварот, адметная тым, што ў прыведзеных тут рэцэптах у асноўным традыцыйныя беларускія прадукты – буракі, бульба, морква, агуркі, капуста, мяса. Кніга мае два раздзелы: у першым пададзеныя рэцэпты старадаўняй беларускай кухні, у другім – сучаснай. У абодвух раздзелах ёсць частка, прысвечаная посным стравам. Любая гаспадыня з дапамогаю гэтай кнігі можа выбраць стравы, якія яна зможа дазволіць сабе з увагі на кошт прадуктаў”, – зазначыла Лабецкая.

Паводле яе, рэцэпты для кнігі збіраліся самымі рознымі спосабамі. “У нашым выдавецтве працуе шмат жанчын. У іх ёсць бабулі, прабабулі, і ўсе яны збіралі рэцэпты. Таксама рэцэпты шукалі ў гістарычнай літаратуры, раіліся з доктарам гістарычных навук, аўтарам кнігі “Наша страва” Алесем Белым, які складаў прадмоўе. Сучасныя стравы бралі з папулярных жаночых часопісаў”, – сказала прадстаўніца выдавецтва.

Яна падкрэсліла, што расейская мова для кнігі выбраная дзеля таго, каб папулярызаваць беларускую кухню не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, Польшчы, Расеі. Аднак Лабецкая не выключае перавыдання энцыклапедыі беларускай кухні па-беларуску.

belsat.eu

Стужка навінаў