Наш адказ Украіне: забарона на алей, кукурузу і цукеркі


Беларусь заявіла пра магчымае ўвядзенне забароны на шэраг тавараў украінскай вытворчасці. Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Украіны па выніках сустрэчы яе старшыні Івана Бісюка з першым намеснікам дырэктара дэпартаменту ветэрынарыі і харчавання Мінсельгасхарчу Беларусі Юрыем Піваварчыкам, якая адбылася 2 сакавіка ў Кіеве.

Нагадаем, галоўная ветэрынарная служба Украіны 1 сакавіка часова прыпыніла імпарт малочных і мясных прадуктаў з Беларусі. У іх, на меркаванне адмыслоўцаў, быў перавышаны дапушчальны ўзровень забруджанасці, у прыватнасці, антыбіётыкамі. Украінскі бок падкрэсліў, што рашэнне не ёсць палітычным.

Каментуючы сітуацыю вакол забароны на ўвоз харчоў з Беларусі, Іван Бісюк паведаміў: “Беларускі бок цалкам пагадзіўся з заўвагамі, але замест супольных дзеянняў дзеля выхаду з сітуацыі, якая склалася, паставіў ультыматум аб тым, што калі ўкраінскі бок не адменіць часовых абмежаванняў, то ў панядзелак а 15:00 беларускі бок увядзе забарону на імпарт украінскай прадукцыі, у прыватнасці, алею, солі, кукурузы, кандытарскіх вырабаў і шроту”.

Паводле Бісюка, любыя прапановы развязаць сітуацыю, ліквідаваўшы недахопы ў працы беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў і маніторынгу антыбіётыкаў, беларускім бокам не ўспрымаюцца. Затое, паводле кіраўніка ветэрынарнай службы, Беларусь паведаміла, што папросіць краіны Мытнага Звязу ўвесці забарону на імпарт украінскай прадукцыі.

Цягам апошніх паўтара гадоў дзеяла спрошчаная сістэма ўвозу беларускай малочнай прадукцыі на тэрыторыю Украіны. Разам з тым з леташняга кастрычніка ўкраінская ветэрынарная служба пачала рэгістраваць павелічэнне колькасці антыбіётыкаў у гатовай малочнай прадукцыі з Беларусі, што не адпавядае еўрапейскім стандартам.

Не развязанае застаецца пытанне з беларускім мясам, якое таксама апынулася пад забаронаю пасля таго, як стала вядома пра выпадкі афрыканскай чумы свіней.

belsat.eu

Стужка навінаў