Ваўкавыскі забудоўнік выставіў менскія кошты на жытло: амаль $ 1200 за кв. м


А калі дольнікі не пагадзіліся на такія ўмовы, ён зруйнаваў падмурак дому з дапамогаю спецтэхнікі.

Дом на 71 кватэру ў мікрараёне Альшымава мелі здаць сёлета. Жыллёвы кааператыў № 65 падпісаў дамову з самым буйным мясцовым забудоўнікам – ААТ “Будаўнічы мантажны трэст № 32”. Як паведаміла адна з удзельніц кааператыву, першапачаткова квадратны метр каштаваў 5,2 млн руб. Але пасля таго, як была адкрытая крэдытная лінія, кошт вырас да 10 млн руб.

“Адміністрацыя трэсту пераконвала нас: маўляў, нам жа лепш – пад гэтыя сумы банк выдасць больш грошай на льготны крэдыт. Але на агульным сходзе мы прынялі рашэнне адмовіцца. Урэшце, такія кошты выстаўляюць у Менску на каркасна-маналітныя дамы, а ў нас невялікі горад, дый дом – звычайная панэлька. Сярод нас нямала шматдзетных сем’яў, такіх вялікіх грошай у нас проста няма”.

Такім чынам, удзельнікі кааператыву адмовіліся ад дарагіх паслугаў трэсту і падпісалі дамову з іншым забудоўнікам – ААТ “ПМК-143”, якое пагадзілася пабудаваць жытло за меншую суму – 5,7 млн руб. за квадратны метр.

Даведаўшыся пра гэта, дырэктар “БМТ-32” Ігар Галаванаў загадаў працаўнікам зруйнаваць падмурак дому, які ўжо пачалі будаваць. “І дольнікі, і новы забудоўнік прапаноўвалі аплаціць зробленую працу, але Галаванаў сказаў, што яму нашыя грошы не патрэбныя”, – дадае ўдзельніца кааператыву.

Да справы далучыўся райвыканкам. Цяпер кіраўніцтва гораду настойвае, каб дырэктара “БМТ-32” адхілілі ад займанай пасады. “Будматэрыялы, якія мы забралі, належаць нашаму прадпрыемству. Нічога крымінальнага мы не зрабілі. Адхіляць мяне ад працы ці не, будзе вырашаць назіральная рада прадпрыемства”, – каментуе спадар Галаванаў.

Варта дадаць, што большасць акцыяў ААТ “БМТ-32” належаць самому Ігару Галаванаву, а таксама ягонай сям’і. Неаднаразова спадар Галаванаў атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды за ўнёсак у будаўніцтва, у тым ліку як “Кіраўнік года”, ён таксама Заслужаны будаўнік Беларусі. А на рашэнне райвыканкаму яго неаднаразова змяшчалі на “Дошку гонару” раёну. Падчас рэканструкцыі Ваўкавыску да “Дажынак” і 1000-годдзя гораду менавіта ягонае прадпрыемства выконвала тут большасць будаўнічых працаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары