Зміцер Вайцюшкевіч у “Гарачым каментары”


https://youtu.be/iopEPzgmXTQ
Дзень святога Валянціна, ці Дзень закаханых, – свята, якое адзначае з прыемнасцю ўся планета. Беларусь – не вынятак. Аднак у краіне, дзе пануюць нянавісць, боль і адчай, – ці ёсць месца любові?

Беларусь завязла ў эканамічным крызісе, палітычных рэпрэсіях і шэрых буднях. Адныя сядзяць за кратамі за прагу пераменаў, іншыя на перамены ўжо і не спадзяюцца. Кажуць, каханне не ведае ані межаў, ані перашкодаў. Людзі з любоўю ў сэрцы цярпяць пакуты, аднак не скараюцца. Яны кахаюць, і іх кахаюць. Тым часам раскрыць феномен кахання імкнуцца паэты і музыкі: што ёсць жыццё, што ёсць каханне?

На гэтыя пытанні не лёгка адказаць нават вядомаму беларускаму барду.

“Каханне – гэта нейкая такая рэч, якая проста ёсць. Я нават у сваім веку, як спадзяюся і большасць саракагадовых людзей, усё ж такі не страціў веру ў тое, што каханне існуе. Мне здаецца, што яно можа мець некалькі колераў, ці ступеняў. Я быў закаханы першы раз у 5 гадоў, можа, раней. І потым не мог сабе ўявіць, як буду без яе. А зараз скажу банальна, бо ўжо маю 40 гадоў. Каханне – гэта цяжкая і руплівая штодзённая праца”, – гаворыць спадар Вайцюшкевіч.

У беларускай мове, у адрозненне ад расейскай, можна і кахаць, і любіць. Кахаць можна кагосьці, а любіць – Беларусь. Зміцер Вайцюшкевіч згадвае, як гэта было ў першыя гады незалежнасці.

“У той час я ў гэтай незалежнасці падрастаў, мне падавалася, што было б някепска знайсці дзяўчыну, якая б вось цалавалася з табой і казала па-беларуску. Гэта было вельмі цяжка зрабіць у той час, цяпер гэта трохі лягчэй, але я ўжо заняты. Так што дзяўчаты, прабачце: у мяне мая жонка і я ўжо, відаць, нагуляўся”, – усміхнуўся музыка.

Паводле Вайцюшкевіча, адметнасць беларускага кахання такая ж, як і адметнасць самога беларускага жыцця – няўпэўненасць, татальная няўпэўненасць ва ўсім.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары