Лукашэнка: Нашыя ідэолагі прайграюць замежным паліттэхнолагам


Прэзідэнт незадаволены тым, што беларускія навукоўцы ніяк не могуць даць “належнай ацэнкі таму ўнікальнаму феномену, які ўяўляе сабой сучаснае беларускае грамадства”. І папікае іх тым, што яны прайграюць ідэалагічную вайну заходнім паліттэхнолагам.

“Гуманітарыі не даюць рады з задачамі сур’ёзнага навуковага суправаджэння ідэалогіі ды працы з насельніцтвам. Нашыя апаненты, перш за ўсё на Захадзе, выкарыстоўваюць усё дасканалейшыя паліттэхналогіі, а навукоўцы не могуць прапанаваць эфектыўных метадаў супрацьстаяння ім», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам. Кіраўнік дзяржавы заявіў таксама, што неабходна правесці карэнную мадэрнізацыю навуковай сферы.

Апошні абраны прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, акадэмік Аляксандр Вайтовіч са сцверджаннем, што навуковая сфера краіны патрабуе мадэрнізацыі, пагаджаецца. Аднак зазначае, што праводзіць яе трэба не на загад кіраўніка, “няхай і самага высокага рангу”, а пасля шырокай дыскусіі ды абмеркавання ў навуковых колах.

Пры гэтым акадэмік упэўнены, што ў краіне мусіць захавацца падзел на прыкладную і фундаментальную навукі. Першая мае зарабляць грошы прыкладнымі даследаваннямі, але другая без дзяржаўнага фінансавання папросту знікне, зазначае Аляксандр Вайтовіч. “Калі гавораць, што ў навукі трэба наўпрост адняць грошы, я не пагаджаюся. У нас і так навукаёмістасць унутранага валавога прадукту складае прыкладна 0,6 %, тады як у Расеі, Украіне, не гаворачы ўжо пра краіны Захаду, гэты паказнік даходзіць да 4 %”, – гаворыць эксперт.

Што ж тычыцца адсутнасці абгрунтавання сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі, то тут, на меркаванне акадэміка Вайтовіча, вінаватыя не навукоўцы. “Наша гэтак званая дзяржаўная ідэалогія накіраваная на захаванне адсталай сістэмы кіравання дзяржаваю. Нашым гуманітарыям наўпрост сумленне не дазваляе навукова абгрунтоўваць гэта”, – зазначае Аляксандр Вайтовіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары