Трусаў: Беларуская адукацыя ў крызісе, якога ніхто развязваць не хоча


Старшыня Таварыства беларускай мовы каментуе сітуацыю са скарачэннем набору на спецыяльнасць “Беларуская філалогія”. Паводле Алега Трусава, уся сістэма беларускай адукацыі ў глыбокім крызісе, і сітуацыя пагаршаецца штогоду.

“Узровень адукацыі ў школе рэзка падае кожны год, і цяпер на гэтыя філфакі залічвалі двоечнікаў. І выходзяць такія настаўнікі, якія і ў школу ніколі не ішлі, ім галоўнае – дыплом атрымаць. Гэта ўжо вынікі тых праблемаў, што назбіраліся цягам апошніх дзесяці гадоў. Гэта сведчыць, што фактычна нашая адукацыя ідзе ў нікуды. Сёння мы закрыем беларускую мову, заўтра – матэматыку, фізіку, а ў выніку што? Мы тут пра Балёнскі працэс кажам, а ўзровень адукацыі значна ніжэйшы, чымся ў савецкія часы”, – кажа спадар Трусаў.

Выйсці з гэтага крызісу Беларусі будзе вельмі не проста. Масавае закрыццё вясковых школаў, надта вялікая колькасць настаўнікаў адносна вучняў, дый нізкія заробкі. Паводле старшыні ТБМ, праблемы пачынаюцца ў школах, што пасля адбіваецца на ўзроўні ўніверсітэтаў.

“Праблема беларусістыкі ў тым, што запатрабаванасць кадраў меншая, чым гэтых кадраў рыхтуецца. З другога боку, узровень падрыхтоўкі таксама падае, бо адпаведныя студэнты прыходзяць. І вось гэта ўсё разам дае вельмі адмоўны эфект – бальшыня нашых настаўнікаў беларускай мовы за межамі класу па-беларуску не размаўляюць. І, можа, нават хай і наагул іх столькі не будзе, чым будуць тыя, хто дыскрэдытуюць беларускую справу. Бо туды трапляюць выпадковыя людзі – вось трэба дыплом дзеўчыне атрымаць і выйсці замуж за мяжу, вось яна там неяк тусуецца, а потым знікае”, – канстатуе спадар Трусаў.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў: ці хацелі б яны, каб адукацыя па-беларуску была на адным узроўні з расейскамоўнаю ў нашай краіне?

“Я б хацела. Я сама педагог і часта атрымліваю ад бацькоў дзяцей, якім нават няма трох гадоў, просьбу вучыць нейкія тэксты ці вершы на беларускай мове. Акрамя гэтага, я вельмі дрэнна мову ведаю і лічу гэта сваім недахопам, бо не маю магчымасці выкарыстоўваць яе. Таму я б вельмі хацела, каб маё дзіця атрымала беларускамоўную адукацыю, і каб я, як просты грамадзянін, павысіла свой грамадзянскі ўзровень”, – кажа маладая маці, дадаўшы, што разам з тым не хацела б, каб ейнае дзіця вучылася ў беларускамоўнай школе, а “прынамсі 50 на 50”.

“Чаму б і не – гэта было б нядрэнна. Але трэба, каб гэта ішло разам з іншымі мовамі, каб дзеці атрымалі патрэбныя веды, асабліва ў дакладных навуках”, – кажа жанчына сталага веку.

“Калі мы жывем у Беларусі, то хацелася б, каб дзеці ведалі беларускую мову. Бо гэта нашая радзіма і нашая будучыня”, – кажа чарговая рэспандэнтка.

Апошні апытаны быў адзіны, хто адказваў па-беларуску. Як не дзіўна, ён сказаў наступнае: “Не! Ні ў якім выпадку! Бо, як вы кажаце, “расейская” мова – гэта нашая родная руска-беларуская мова. І мы беларусы – рускія людзі! Горды і вольны славянскі народ. Вельмі добра (наконт закрыцця беларускамоўных спецыяльнасцяў. – “Белсат”) – гэта ж нам не патрэбна. Навошта навязваць? Я цяпер прыехаў з вёскі, там усе размаўляюць на трасянцы: значыць, вось яна – нашая родная мова”, – зазначыў пажылы чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў