Беларусь плануе зарабляць на экспарце пітной вады


Паводле даследаванняў ААН, дэфіцыт прэснай вады хутка прывядзе да таго, што яна стане сапраўдным скарбам – разам з нафтаю і газам. Адно з галоўных багаццяў Беларусі – вада, але пакуль на яе экспарце краіна зарабляе мала.

Найбліжэйшымі трыма гадамі ў менскім рэгіёне з’явяцца адразу тры заводы разліву пітной вады. Будаваць іх будуць з прыцягненнем нямецкага, чэшскага, аўстрыйскага і галандскага капіталу. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко паведамляе: “Да 2013 года каля 70% бутэляванай вады, якую будуць выпускаць, плануецца экспартаваць. Цяпер мы здабываем каля 900 тыс. кубаметраў вады, у той час як маглі б здабываць 20 млн кубаметраў”.

Разліў пітной вады можа стаць вельмі выгадным бізнесам для Беларусі. Паводле звестак адмыслоўцаў, рыхтаванне асобных свідравінаў патрабуе мінімальных выдаткаў, бо вада ў іх адпавядае ўсім міжнародным стандартам.

“Для будаўніцтва заводаў здабывання і бутэлявання прэсных падземных водаў у Беларусі прыдатныя больш за 80 участкаў, – адзначыў геолаг і чалец-карэспандэнт НАН РБ Аляксандр Карабанаў. – Цяпер больш за 90% бутэляваных водаў па-ранейшаму рэалізуюцца на тэрыторыі Беларусі. Летась мы экспартавалі мінеральных водаў на $ 3 млн. Пераважна прадаем у Расею, Літву, Латвію, Эстонію, Азербайджан і Канаду. Экспарт прэснай вады можа прыносіць мільёны долараў у эканоміку краіны, таму ўжо сёння Дэпартамент геалогіі падрыхтаваў і разаслаў патэнцыйным інвестарам усю інфармацыю аб парадку арганізацыяў супольных прадпрыемстваў бутэлявання пітных водаў”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары