Зімнія трэнінгі паўднёвакарэйскага спецназу


У выпрабаванні на цягавітасць і сілу 230 жаўнераў спецыяльных войскаў распачалі зімовыя вучэнні за 180 км на ўсход ад Сеулу ў месцы правядзення зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года.

Напаўаголеныя жаўнеры трэнуюцца пры тэмпературы мінус 20 градусаў, каб не зважаць на холад.

“Крэда нашага спецназу гучыць гэтак: мы можам зрабіць што заўгодна з таго, што немагчыма для іншых; чалавек памірае толькі аднойчы, а не двойчы. Як мужчына, я ганаруся тым, што магу аддаць жыццё за сваю краіну, таму такія складанасці – нішто для мяне”, – кажа шараговы Кім Сонґ-Хун (Kim Sung-Hoon).

Сярод вайскоўцаў – каля 10 жанчын, якія на роўных удзельнічаюць у трэнінгах.

“Перадусім я лічу сябе жаўнеркаю спецыяльных войскаў, а ўжо потым жанчынаю. Такім чынам, я думаю толькі пра бездакорнае выкананне задачы”, – гаворыць Кім Е-Джы (Kim Yea-Ji)
.
Такія вучэнні адбываюцца кожную зіму. Афіцэры падкрэсліваюць, што войска мусіць увесь час быць у павышанай баявой гатоўнасці, бо невядома, ці зможа Кім Чэн Ун, які пераняў уладу ў Паўночнай Карэі пасля смерці бацькі, яе ўтрымаць. У выпадку вайсковага перавароту армія мусіць быць падрыхтаваная – зазначаюць вайскоўцы Паўднёвай Карэі.

Нягледзячы на прысутнасць у краіне 30 000 жаўнераў ЗША, якія падтрымліваюць 650-тысячнае войска Паўднёвай Карэі, паўночная суседка краіны мае перавагу ў жывой сіле амаль удвая. Большая частка войскаў Паўночнай Карэі размешчаная паблізу мяжы, што падзяляе паўвыспу.

belsat.eu

Стужка навінаў