Апытанне: ці давяраеце міліцыі?


У Беларусі на 100 000 грамадзянаў прыпадае 1442 міліцыянты. І гэта нават без уліку канфідэнцыйных і не атэставаных працаўнікоў. “Белсат” запытаўся ў менчукоў: як яны ставяцца да ахоўнікаў парадку?

“Я ніколі не чуў, каб міліцыя парушала штосьці. Я лічу, што яны насамрэч бароняць закон і абараняюць грамадзянаў”, – кажа хлопец.

“Я не ведаю, мне ўвогуле не важна. Шмат у інтэрнэце чытаў, што парушаюць закон, напэўна так і ёсць”, – адмахнуўся малады чалавек.

“Парушаюць яны закон. У мяне сын трапіў у такую сітуацыю: моцна збілі яго. На стадыёне сядзеў з сябрамі, піў піва – яны падышлі ды пачалі збіваць, рабрыну зламалі. Я яму казала, каб пайшоў пабоі зняў, але ж хто паверыць”, – апавядае жанчына сталага веку.

“Сярод іх ёсць і прафесіяналы, і пярэваратні ў пагонах, але мне асабіста трапляліся пазітыўныя прыклады”, – кажа малады чалавек.

“Мяне асабіста задавальняе праца нашай міліцыі, ніколі не чула пра штосьці падобнае. Вядома, веру ім – добра працуюць, сочаць за парадкам”, – адказвае студэнтка.

“Мне даводзілася сутыкацца з працаўнікамі, якія нядобрасумленна выконвалі свае службовыя абавязкі. З іншага боку, трапляліся такія міліцыянты, якім я шчыра ўдзячны за тое, што менавіта гэты чалавек трапіўся на маім шляху. Як казаў прэзідэнт: судзіць трэба не толькі паводле закону, але і паводле справядлівасці”, – зазначыў чарговы апытаны.

belsat.eu

Стужка навінаў