Працаўнікі «Граніту» хочуць стварыць незалежны прафсаюз


Кіраўніцтва запалохвае людзей і абвінавачвае іх «у дэстабілізацыі сітуацыі».

З афіцыйнага прафсаюзу на прадпрыемстве вырабу будаўнічых матэрыялаў «Граніт» у в. Мікашэвічы выйшлі больш за 200 працаўнікоў. Пасля інцыдэнту старшыня ячэйкі прафсаюзу Мікалай Якубовіч падаў у адстаўку, а начальніка аддзелу працы і заработнай платы звольнілі.

Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) Мікалай Зімін лічыць: шмат што цяпер залежыць ад згуртаванасці і мэтанакіраванасці сябраў філіі на прадпрыемстве. Паводле яго, на працоўных «Граніту», якія выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і ўступілі ў незалежны, ідзе ціск з боку адміністрацыі прадпрыемства: «Відавочна, кіраўніцтва прадпрыемства спадзяецца вярнуць усё на ранейшае месца, пакуль філія незалежнага прафсаюзу на «Граніце» афіцыйна не зарэгістраваная».

Цяпер галоўнае, мяркуе Зімін, каб працаўнікі не разгубіліся і як мага больш падтрымлівалі адзін аднаго: «Людзі, якія стварылі арганізацыю незалежнага прафсаюзу на «Граніце», закону не парушылі. Яны палічылі, што той прафсаюз, з якога яны сышлі, дрэнна абараняў іхныя інтарэсы перад наймальнікам, і спадзяюцца, што мы зробім гэта лепш. Ніякай дэстабілізацыі абстаноўкі, як сцвярджае генеральны дырэктар «Граніту», тут няма, а ёсць імкненне законным шляхам дамагчыся годнай аплаты і ўмоваў працы».

Як кажа кіраўнік БНП, юрысты падрыхтавалі ўсе неабходныя дакументы для рэгістрацыі філіі на прадпрыемстве ў Мікашэвічах. Аднак гендырэктар «Граніту» Сцяпан Туравец кажа, што юрыдычны адрас ён можа даць толькі з дазволу Міністэрства архітэктуры. «Нашае прадпрыемства знаходзіцца ў непасрэдным падначаленні міністэрства, таму вырашаць, ці быць гэтаму незалежнаму прафсаюзу, будуць у Менску, – адзначае дырэктар, які ёсць яшчэ і дэпутатам Берасцейскага абласнога савету. – Мы прааналізавалі, што менавіта не задавальняе нашых працаўнікоў. Цяпер кіраўніцтва вывучае магчымасці палепшыць умовы працы».

Аднак у апошнім нумары шматтыражкі «Граніт-агляд» надрукаванае інтэрв’ю з генеральным дырэктарам, дзе ён даводзіць, што «з’явіліся новыя сілы, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сітуацыі на прадпрыемстве».

У артыкуле гаворыцца, што незалежны прафсаюз ужо існаваў на «Граніце», пры гэтым ён нібыта «пацярпеў фіяска». «Вынік яго дзейнасці бачны ўсім – гэта разлад і нагнятанне сітуацыі», – пераконвае генеральны дырэктар прадпрыемства.

Тым часам БНП адправіў адпаведны ліст ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Юрыдычны статус арганізацыі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» дасць магчымасць заключыць калектыўную дамову з наймальнікам. А гэта рэальны механізм адстойвання інтарэсаў сябраў прафсаюзу.

Belsat.eu

Стужка навінаў