Уладзімір Кобец у “Гарачым каментары”


Асуджанаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ўрэшце дазволілі развітацца з бацькам, што праўда, толькі ў дзень пахавання. Шмат хто з палітвязняў даведаўся пра смерць родных за кратамі. Аднак дазвол развітацца з імі атрымалі адзінкі .

Суд Першамайскага раёну Менску тройчы даваў дазвол на апошнюю сустрэчу Бяляцкага з бацькам, але Дэпартамент выканання пакаранняў Беларусі адмаўляў сваякам асуджанага. І калі яшчэ ўчора захады тлумачылі недасканаласцямі крымінальна-выканаўчага заканадаўства, то сённяшні раптоўны дазвол застанецца хіба без тлумачэнняў. Праз сціплыя праявы літасцівасці ўлада нібы набывае чалавечы твар, аднак робіць гэта цішком і нібы на загад. Апошняя прамова Аляксандра Лукашэнкі тым больш акрэслівае вектар ў дачыненні палітвязняў. Цытата: “Я магу памілаваць, магу і не памілаваць”.

Паводле кіраўніка выбарчага штабу Андрэя Саннікава, праз стаўленне ўлады да Алеся Бяляцкага вымяраецца стаўленне ўладаў да Беларусі. “У Беларусі закон – што дышаль, людзі, што мусяць кіравацца законам, думаюць не аб правамернасці сваіх дзеянняў, а пра тое, што падумае чалавек, які прызначыў іх на гэтую пасаду. У выпадку з Алесем зрабілі вельмі брудную справу, бо суд нібыта дазволіў на сустрэчу, а кіраўніцтва калоніі ў той жа дзень не выканала просьбы. Можна ўявіць, наколькі гэта было для яго цяжка. А тое, што далі гэтыя 10 хвілінаў на развітанне з ужо памерлым бацькам, то ўжо як кажуць – дзякуй і на гэтым. Але гэтае рашэнне было відавочна прадыктаванае зверху”, – кажа спадар Кобец.

Уладзімір Кобец падкрэслівае, што падобным чынам ціснуць на ўсіх палітвязняў. Сёння жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп атрымала ліст ад мужа. У ім Саннікаў піша, што хоча распавесці пра тое, што з ім адбываецца, але ж лісты не праходзяць цэнзуры.

belsat.eu

Стужка навінаў