Беларуская чыгунка ўводзіць дадатковыя рэйсы на навагоднія святы


Квіткі будуць каштаваць па-ранейшаму, падаражанне чакаецца з новага года

У прэсавай службе Беларускай чыгункі адзначаюць, што дадаткова прызначылі 205 цягнікоў, з іх 65 – міжнародныя.

“Дадатковыя рэйсы ў першую чаргу прызначаныя ў Расею: Берасце–Масква, Менск Масква, Берасце–Санкт-Пецярбург, Менск– Санкт-Пецярбург, Гомель–Санкт-Пецярбург і Гомель–Масква. Пры неабходнасці на папулярных маршрутах будуць уведзеныя дадатковыя цягнікі”, – адзначаюць чыгуначнікі. Ужо цяпер вядома, што дадатковыя рэйсы прызначаныя на маршрутах Менск–Берасце, Менск–Пінск, Менск–Гомель. Дакладны час адпраўлення можна паглядзець на сайце БЧ або ўдакладніць па тэлефоне 105.

Як паведаміў дыспетчар білетнай касы Менскага чыгуначнага вакзалу, на большасць цягнікоў у навагодні час білеты ўжо раскупленыя. Тарыфы на чыгунку перад Новым годам не павышалі – гэта было прынцыповае рашэнне кіраўніцтва. Аднак пасля Новага года падаражання пазбегчы немагчыма: паліва падаражала ў некалькі разоў, пры гэтым кошт пасажырскіх перавозак сёлета па Беларусі амаль не мяняўся. Набыць квіток па старым кошце на 2012 год магчыма – папярэдні продаж з выкарыстаннем аўтаматызаванай сістэмы “Экспрэс” дазваляе пасажырам купляць квіткі ў краіны СНД і Балтыі за 45 содняў да адпраўлення цягніка, у дзяржавы Заходняй Еўропы – за 60, а на міжгароднія пасажырскія цягнікі за 45, на прыгарадныя цягнікі – за 10 содняў да дня адпраўлення.

belsat.eu

Стужка навінаў