Распачалі крымінальную справу супраць Віктара Шаўцова


Старшыня савету дырэктараў ЗАТ “Белзамежбуд” Віктар Шаўцоў і шэраг іншых асобаў падазраюцца ў асабліва буйным крадзяжы. Пра гэта паведамілі 23 снежня ў вячэрнім эфіры тэлеканалу “Беларусь-1”.

У выданні навінаў паінфармавалі, што ў дачыненні топ-менеджараў прадпрыемства сёлета ў кастрычніку распачалі крымінальную справу. На гэты момант праводзіцца следства і правяраецца інфармацыя аб датычнасці Шаўцова да супрацьпраўных дзеянняў пры рыхтаванні ды рэалізацыі эканамічных праектаў у Венесуэле.

Намеснік начальніка прэс-службы КДБ Беларусі Артур Стрэх заявіў: “Падставаю для распачынання крымінальнай справы паслужыла інфармацыя аб яго датычнасці да крадзяжу грашовых сродкаў, якія знаходзіліся на рахунках аднаго з банкаў. Паводле папярэдняй ацэнкі следства, сума скрадзеных грашовых сродкаў перавышае 10 мільёнаў долараў ЗША. У дачыненні Шаўцова абралі меру стрымання ў выглядзе зняволення пад варту, і цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ”.

Віктар Шаўцоў таксама ёсць кіраўніком назіральнага савету ЗАТ “Трастбанк” і ўваходзіць у лік найбольш уплывовых беларускіх бізнесоўцаў. Пытанне аб крымінальнай справе ў дачыненні прадпрымальніка задалі Аляксандру Лукашэнку на прэс-канферэнцыі 23 снежня. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Шаўцова вызваляць у выпадку кампенсавання дзяржаве нанесенай шкоды. “Урон нанёс дзяржаве – грошы на стол у двухразовым-трохразовым памеры і пайшоў. Не заплаціць грошай – будзе сядзець у турме”, – сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён не змог назваць сумы: “Напэўна, там немалыя грошы”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта шараговае эканамічнае злачынства, звязанае з вывадам грошай ды правапарушэннем у сувязі з будаўніцтвам аб’екту ў Венесуэле. “Гэта звычайная крымінальная справа, у нас такіх хапае. Нават ёсць крымінальныя справы больш сур’ёзныя”, – адзначыў ён. Лукашэнка дадаў, што “гэты спадар не ўпершыню трапляе ў поле зроку праваахоўных органаў”.

Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне данесці да грамадскасці дэталі шэрагу гучных карупцыйных злачынстваў, якія апошнім часам выявілі праваахоўныя органы. Тэлеканал “Беларусь-1” паведаміў, што адмысловыя рэпартажы, якія раскрываюць падрабязнасці гэтых злачынстваў, ужо рыхтуюцца да эфіру.

ЗАТ “Белзамежбуд” утварылася ў 2007 годзе з удзелам “Трастбанку”. Кампанія рэалізуе найбуйнейшыя будаўнічыя праекты ў Венесуэле, Амане, Саудаўскай Аравіі, Аўстрыі, Аргенціне, Нямеччыне, Карэі, ААЭ.

Сёлета Шаўцова за дабрачынную дзейнасць уганаравалі найвышэйшаю ўзнагародаю Беларускай праваслаўнай царквы – ордэнам святога Кірылы Тураўскага, а ягоную жонку Алену – медалём Еўфрасінні Полацкай.

belsat.eu

Стужка навінаў