Грошы на вецер: Феерверк у Менску будзе цягнуцца 20 хвілінаў


Сталіца ж у навагоднюю ноч ператворыцца ў адзін вялікі КПП. Будуць працаваць 58 пунктаў пропуску, на якіх будуць абшукваць з металадэтэктарамі. Навагодні феерверк адбудзецца каля абеліска «Менск – горад герой» а 1:30.

Паводле кіраўніцы ўпраўлення культуры Менгарвыканкаму Віталіны Рудзікавай, галоўнымі месцамі правядзення святочных імпрэзаў у навагоднюю ноч будуць пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі і Палацу спорту. Месцы найбольш масавых імпрэзаў абгародзяць і забяспечаць прапускны рэжым, дадаў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менгарвыканкаму, палкоўнік Юрый Сарокін.

Паводле яго, плануецца стварыць 16 кантрольна-прапускных пунктаў з 58 пунктамі пропуску, дзе будзе праводзіцца агляд з выкарыстаннем металадэтэктараў. Людзей з забароненымі прадметамі і хатняю жывёлаю на масавыя імпрэзы прапускаць не будуць.

Сарокін таксама паведаміў, што з 20:00 31 снежня будзе абмежаваны рух транспарту на зав. Канатным, участку вул. Мельнікайтэ, які прылягае да гасцініцы «Планета», а таксама на пляцоўцы каля Палацу спорту і тэрыторыі вакол Кастрычніцкай плошчы. Магчымае таксама абмежаванне руху ў раёне правядзення святочных феерверкаў на праспекце Пераможцаў.

Начальнік упраўлення гандлю і паслугаў Менгарвыканкаму Андрэй Новікаў распавёў, што ў навагоднюю ноч у Менску будуць працаваць дзевяць кругласутачных крамаў і 312 аб’ектаў грамадскага харчавання. Ёлачныя кірмашы пачнуць працу 23 снежня, на іх прывязуць 40 тыс. дрэўцаў.

Навагодняя забаўляльная праграма ў Менску пачнецца ў суботу 24 снежня шэсцем Дзедаў Марозаў і Снягурак. Яно збярэ сёлета больш за 700 удзельнікаў, а рух будзе арганізаваны ад Кастрычніцкай плошчы да Палацу спорту. Затым пройдзе дабрачынная акцыя «Падары свята дзецям», падчас якой Дзед Мароз, Снягурачка і фіналісткі конкурсу «Міс Менск» павіншуюць дзяцей, якія ляжыць у лякарнях.

belsat.eu

Стужка навінаў