Валянцін Стэфановіч: Мы чакаем вашай дапамогі


Праваабаронцы абвесцілі збор сродкаў, каб кампенсаваць шкоду, якую, паводле рашэння суда, нанёс дзяржаве Алесь Бяляцкі.

Суд Першамайскага раёну Менску, што разглядаў справу віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, прызнаў Алеся Бяляцкага вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Нанесеную дзяржаве шкоду суд ацаніў на 757 526 717 бел. руб. Паводле сённяшняга курсу гэта амаль 91 тыс. долараў. Праваабаронцы спадзяюцца з дапамогай усіх неабыякавых грамадзянаў сабраць гэтую суму, каб пагасіць страту да разгляду касацыйнай скаргі на прысуд.

«Збор сродкаў не азначае, што мы прызнаём вырак суда. Алесь Бяляцкі падчас судовых паседжанняў неаднаразова падкрэсліваў, што не згодны з высунутымі супраць яго абвінавачваннямі і віны не прызнае. Гэтая акцыя – наша салідарнасць з незаконна асуджаным праваабаронцам. Мы павінны выкарыстаць усе сродкі, каб выратаваць калегу», – падкрэсліў на адмысловай прэс-канферэнцыі намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца гаворыць, што пагашэнне «нанесенай дзяржаве шкоды» можа ўлічыць калегія Менгарсуда пры разглядзе касацыйнай скаргі і змякчыць прысуд. Аднак шчыра прызнаецца, што спадзяванняў на гэта вельмі мала.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» вымушаны звярнуцца да беларусаў, бо сума досыць вялікая, гавораць праваабаронцы. «Салідарнасць унутры краіны – гэта самае галоўнае. Незвычайную хвалю яе беларусы дэманстравалі пасля падзеяў 19 снежня, летніх акцыяў маўклівага пратэсту, спадзяемся, гэта адбудзецца і зараз», – гаворыць кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Прысутныя на прэс-канферэнцыі зазначылі, што часу на збор сродкаў засталося няшмат – прыкладна два тыдні. Для збору грошай адкрылі адмысловы рахунак на імя жонкі Алеся Бяляцкага Наталлі Пінчук. Праваабаронцы нагадваюць, што ахвяраваць грошы могуць толькі грамадзяне Беларусі, якія маюць сталы легальны прыбытак. І просяць тых, хто вырашыць дапамагчы палітвязню, пасылаць арыгіналы квітанцыяў на адрас ПЦ «Вясна»: 220012, г. Менск, пр. Незалежнасці, д. 78а, кв. 48.

Рэквізіты рахунку: Філіял № 529 «Белсувязь» ААТ «АСБ Беларусбанк», код банку 720
Код плацяжу 3819382100776
Р/р 01053568
Від плацяжу: АХВЯРАВАННЕ
Атрымальнік плацяжу: Пінчук Наталля Сяргееўна.

Цяпер Алесь Бяляцкі, асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі, утрымліваецца ў Жодзінскім СІЗА. На ўсю маёмасць праваабаронцы наклалі арышт. «Арыштаваны і офіс, дзе месціцца «Вясна», хоць гэтая кватэра была набытая ў 2000 годзе, а ў судзе разглядаўся перыяд з 2007 да 2011 года», – гаворыць Валянцін Стэфановіч. Ён зазначае, што праваабаронцы лічаць гэта незаконным. Адвакат Алеся Бяляцкага будзе абскарджваць прысуд не толькі ў частцы віны палітвязня, але і ў частках пагашэння страты і канфіскацыі маёмасці.

belsat.eu

Стужка навінаў