Уладзімір Някляеў: 19 снежня я буду на Плошчы


Уладзімір Някляеў у гадавіну Плошчы-2010 мае намер прыйсці на плошчу Незалежнасці – туды, дзе год таму сабраліся тысячы беларусаў, што пратэставалі супраць несумленнага правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

«Я 19-га схаджу на плошчу. Нават у тых забаронах, якія напісаныя адносна мяне, не сказана, што я ў сваім горадзе ў любы дзень не магу быць у тым месцы, дзе я хачу быць», – паведаміў экс-кандыдат на прэзідэнта журналістам «Белсату».

Паводле рашэння суда, Някляеў знаходзіцца пад наглядам крымінальна-папраўчай інспекцыі. Нядаўна яму вынеслі папярэджанне за выезд за межы Менску. «Папярэджанне мне вынеслі за тое, што я паехаў на Дзяды ў Крэва. На могілках я быў! А яшчэ гэта папярэджанне звязанае з 19 снежня – яны [улады] «зачышчаюць» прастору», – патлумачыў палітык.

Уладзімір Някляеў мяркуе, што ўладзе недастаткова ўжо мець у турме двух кандыдатаў (Андрэя Саннікава і Міколу Статкевіча) і яны хочуць трэцяга. «Гэта не азначае, што я буду сядзець у турме, але і не азначае, што не буду», – падкрэсліў кандыдат.

Для таго каб апынуцца за кратамі, неабавязкова парушаць законы, кажа Някляеў. «Прычынаў, з якіх могуць у нас любога і кожнага пасадзіць, не выбіраюць. Само існаванне чалавека, які не падабаецца ўладам, ёсць прычынаю», – упэўнены палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў