Еўразвяз выдаткуе больш як € 2 млн на развіццё турызму ў Беларусі


Праекты датычыцца захавання гістарычнай спадчыны і развіцця прымежнага турызму.

Паводле вынікаў конкурсу грантаў Праграмы прымежнай супрацы Латвія – Літва – Беларусь быў падтрыманы супольны праект Браслаўскага райвыканкаму і Рэзэкненскай гарадской думы (Латвія).

“Галоўная мэта праекту – захаванне і папулярызацыя культурнай і гістарычнай рамеснай спадчыны. Дзеля гэтага трэба засведчыць, што нашая тэрыторыя – прывабнае месца для правядзення буйных рэгіянальных імпрэзаў у галіне культуры”, – паведаміў старшыня аддзелу фізічнай культуры, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкаму Яўген Лабуць. Паводле яго, бюджэт праекту складае больш за € 1,2 млн і будзе рэалізаваны за 18 месяцаў.

Таксама падтрымалі праект заахвочвання турызму пры мяжы Літвы і Беларусі. Плануецца павялічыць даступнасць і прывабнасць культурна-гістарычнай спадчыны ў Рокішкаўскім і Пастаўскім раёнах. Бюджэт праекту – больш за € 570 000, тэрмін рэалізацыі – 22 месяцы. Яшчэ € 1,4 млн выдаецца на ўзмацненне бяспекі на мяжы Беларусі, Латвіі ды Літвы.

Адметна, што праекты падаваліся з боку замежнікаў. Аднак паводле беларускага заканадаўства ўсе яны мусяць быць папярэдне зацверджаныя пастановаю Савету Міністраў. Без дазволу чыноўнікаў заяўкі не прымаюцца да разгляду, і праект не можа быць зрэалізаваны.

“Пад пытаннем застаецца тое, наколькі прадуктыўна і празрыста будуць разыходзіцца еўрапейскія грошы, – каментуе ўладальніца аграэкасядзібы ў Браслаўскім рэгіёне Алена Лукіна. – Але хочацца спадзявацца, што яны дапамогуць палепшыць інфраструктуру рэгіёну ў складаны крызісны час. І колькасць еўрапейскіх турыстаў у нашых мясцінах павялічыцца”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары