Сяргей Балыкін у “Гарачым каментары”


Айчынная эканоміка будзе расці, а інфляцыя значна запаволіцца. Моцная і квітнеючая Беларусь будзе будавацца ў рэжыме строгай эканоміі. Друкаванне ж зайчыкаў заменяць расейскія крэдыты. Афіцыйны адказ на адвечнае беларускае пытанне “як жыць далей?”, прынамсі на 2012 год ужо агучаны.

Налета валавы ўнутраны прадукт мае вырасці на 5,5 %, а інфляцыя складзе 19–22 %. Такія звесткі агучыў урад і Нацбанк Беларусі на нарадзе аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2012 год. Сярод захадаў дзеля дасягнення гэтых паказнікаў – палітыка ўсеагульнага ашчаджэння і адыход ад эмісійнага падтрымання эканомікі. Да параўнання – сёлетняе падзенне беларускага рубля ўжо ў сёлета дасягне 189 %. Аптымістычныя прагнозы агучыў прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч, пры гэтым яшчэ два тыдні таму ён абрынуўся з моцнаю крытыкаю на прагнозы, дадзеныя Адміністрацыяй прэзідэнта.

Эканаміст нагадвае, што кіраўніцтва краіны ўжо неаднаразова казала пра неабходнасць падобных захадаў. Пытанне ў тым, ці будуць яны выкананыя гэтым разам. “Ведаеце, спадар Брэжнеў таксама казаў, што эканоміка мае быць эканомная, але ж з гэтага нічога не сталася. Найперш нам трэба адмовіцца ад неэфектыўных дзяржаўных праграмаў, куды ідуць гэтыя друкаваныя грошы. Гэта будаўніцтва ўсіх гэтых лядовых палацаў, падтрыманне неэфектыўнай сельскай гаспадаркі, безліч чыноўнікаў і міліцыянтаў. Нам трэба скарачаць дзяржаўныя выдаткі, але ж мы ня ўмеем жыць па сродках, толькі за кошт нейкай замежнай дапамогі”, – кажа спадар Балыкін.

На жаль, эканаміст вымушаны канстатаваць адсутнасць падставаў да абвешчанага паляпшэння эканамічнага становішча краіны. “Мы чуем пра эканамічны цуд ужо 17 гадоў. Калі Лукашэнка не знойдзе нейкіх замежных грошай, то будзе вымушаны развязваць эканамічныя праблемы за кошт страўніка насельніцтва”, – падкрэслівае Сяргей Балыкін.

belsat.eu

Стужка навінаў