«Як пошуг маланкі» – прэзентацыя ў Менску


20 лістапада ў «Кнігарні Ў галерэі» адбылася прэзэнтацыя дакументальнага фільма «Як пошуг маланкі», знятага Валерыем Мазынскім паводле аднайменнай кнігі для тэлеканала «Белсат».

Стужка прысвечаная пасляваеннаму антысавецкаму супраціву на Мядзельшчыне-Смаргоншчыне і яго лідэру 20-гадоваму Расціславу Лапіцкаму. Падпольная арганізацыя была выкрыта НКВД. Паплечнікі і сябры Лапіцкага атрымалі па 25 гадоў зняволення, а сам Расціслаў – прыгавораны да смерці. Ён адмовіўся ад памілавання. Імя Лапіцкага стала легендарным ва ўспамінах мясцовых жыхароў, якія пасля былі сабраныя Міхасём Чарняўскім ў кніжцы «Як пошуг маланкі». Ён жа выступіў і аўтарам сцэнарыя да фільма.

Прэзентацыя стужкі адбылася ў «Кнігарні Ў галерэі». Некалькі месяцаў таму тут адбылася прэм’ера іншай нашумелай стужкі «Белсату» «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Зала была перапоўненая. Атмасферу эпохі стваралі шматлікія савецкія плакаты, неахайна развешаныя на сценах і кніжных паліцах: «Религия – яд, берегі ребят», «Будь бдительным», «Спецназ НКВД на службе Родины». Сярод іншых былі абвесткі аб вышуку «небяспечнага злачынцы Расціслава Лапіцкага».

Удзел у прэзентацыі ўзялі рэжысёр Валеры Мазынскі, акторы, якія ўдзельнічалі ў кінарэканструкцыі падзяў – Уладзімір Шульжыцкі і Аляксей Кавалец (сыгралі Лапіцкага і савецкага вайскоўца адпаведна). У зале прысутнічалі дыпламат Пятро Садоўскі, пісьменнік Уладзімір Содаль, грамадскія актывісты Валянціна Трыгубовіч і Уладзімір Раманоўскі, палітыкі Вінцук Вячорка і Андрусь Крэчка, мастак Алесь Цыркуноў.

Пасля прагляду фільма адбылася дыскусія, гучалі пытанні-адказы. Паводле Валерыя Мазынскага, дзейнасць Лапіцкага шчыра падтрымлівалі мясцовыя жыхары, незадаволеныя новым савецкім парадкам, яны ўсё яшчэ спадзяваліся на тое, што «прыйдуць амерыканцы і ўсіх выратуюць».

Вінцук Вячорка падняў пытаньне, наколькі Лапіцкі з паплечнікамі звязвалі сябе з беларускім нацыянальным рухам. Валеры Мазынскі распавёў, што сярод удзельнікаў антысавецкага руху было дзве групы людзей: адны з іх пасля з’ехалі ў Польшчу і фактычна выракліся беларускага. Астатнія ж прайшлі праз лагеры, кагосьці закінула ў Сібір, хтосьці – у Казахстане, але ўсе яны трымаюць паміж сабой сувязь і карыстаюцца выключна беларускай мовай.

Уладзімір Шульжыцкі нагадаў, што здымкі адбываліся ў Маладзечна, Вялейцы, Вільні. Паводле яго словаў, было цяжка, але цікава: «Падчас здымкаў я ледзь не адмарозіў ногі. Цяпер разумею, як няпроста было Лапіцкаму і яго сябрам». Сам Уладзь працягвае справу Расціслава, узначальвае суполку «Моладзі БНФ» у Смаргоні.

Мастак Алесь Цыркуноў прэзентаваў карціну, прысвечаную Лапіцкаму. «Я напісаў яе, калі яшчэ не было гэтай кніжкі і гэтага фільма. Мы ведалі зусім мала пра Расціслава Лапіцкага, але ўжо тады я вырашыў увекавечыць яго імя» – адзначыў Алесь Цыркуноў. На метровым палотнішчы адлюстраваны сам Лапіцкі і 20 яго паплечнікаў, сярод якіх і яго мяці. Унізе – аўчарка і акрываўленая рука савецкага следчага.

Адзін з ініцыятараў кампаніі ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Уладзімір Раманоўскі падзякаваў Мазынскаму за «фантастычную працу», а «Белсату» прапанаваў стварыць грамадскі архіў фота- і відэаматэрыялаў, хронікі, інтэрв’ю, даступны беларускім рэжысёрам-прафесіяналам і аматарам.

Напрыканцы імпрэзы прадстаўнік «Белсату» Франак Вячорка прэзентаваў прысутным дыскі з фільмам «Як пошуг маланкі» і заклікаў да іх распаўсюду.

Наступная прэзентацыя «Белсата» – дакументальны фільм Мікалая Ваўранюка пра Анатоля Сыса – на пачатку снежня.

Глядзі таксама
Каментары